Крок 13
Тэма лексікі : Спадчына
Тэма граматыкі : Скланенне лічэбнікаў

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка
Слова Прыклад выкарыстання
Даўніна / мінуўшчына Добры настаўнік гісторыі здольны зацікавіць нашай мінуўшчынай нават самага разбасячанага вучня.
Старадаўні / старажытны Калі даследчыкі ўзняліся на паддашак касцёла, яны знайшлі сярод крокваў скручаныя арнаты са слуцкімі паясамі.
Род, радавод Даўней лічылася, што кожны чалавек павінен ведаць свой радавод як мінімум да пятага калена.
Генеалогія, генеалагічнае дрэва Генеалагічнае дрэва Радзівілаў займала ў музеі цэлую сцяну.
Спадкаемца / спадчыннік (рус. наследник, преемник) Пасля таго, як апошні з Пушкіных не пакінуў спадчынніка, маёнтак у Стайках перайшоў да паноў Лашкевічаў.
Нашчадак (рус. потомок) Не так даўно нашчадак роду О’Руркаў наведаў колішні сямейны маёнтак ва Уселюбе, дзе містычным чынам роўна ў тыя дні здарыўся пажар.
Продак / прашчур Нашыя продкі надавалі вялікае значэнне каляндарнаму колу і верылі ў містычную сілу шмат якіх рэчаў у прыродзе.
Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына Да матэрыяльнай спадчыны адносяцца архітэктура, жывапіс, скульптура, кнігі, археалагічныя знаходкі ды іншае. Да нематэрыяльнай — абрады, традыцыі, мова, фальклор, знакавыя рэчы кшталту герба “Пагоня”.
Каштоўнасць (рус. ценность) Кожны старадаўні будынак з’яўляецца архітэктурнай каштоўнасцю і мусіць быць пад пільнай увагай грамадства.
Рэстытуцыя – вяртанне матэрыяльных каштоўнасцяў Адмыслоўцы мяркуюць, што большая частка беларускіх каштоўнасцяў была ў розныя часы вывезеная за мяжу і нам проста неабходна настойваць на рэстытуцыі.
Экскурсія, экскурсійны маршрут Цягам экскурсіі людзі пабачылі тузін помнікаў архітэктуры і пагутырылі з цікавымі людзьмі ў гэтых месцах.
Гісторыя, гістарычныя мясціны Падчас вандроўкі, прысвечанай Адаму Міцкевічу, турысты наведалі гістарычныя мясціны, звязаныя з дзяцінствам і юнацтвам паэта.
Князь, кароль, шляхта Паводле дадзеных розных гісторыкаў, колькасць шляхты ў Вялікім Княстве даходзіла да 12-15 адсоткаў.
Селянін (мн. л. сяляне), вясковец Вяскоўцы ўжо прызвычаіліся да турыстаў, якія прагнулі пабачыць прыгожы касцёл, таму не здзіўляліся чарговаму аўтобусу.
Мастацтва, твор мастацтва (рус. произведение искусства) Дзякуючы прадмету “Сусветная мастацкая культура” школьнікі ведаюць хоць якія-кольвечы творы мастацтва.
Кніга, рукапісная кніга, старадрук (рус. старопечатная книга) Старадрукі Францыска Скарыны з’яўляюцца адной з найвялікшых каштоўнасцяў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Архітэктура, помнік архітэктуры, гістарычная забудова (рус. застройка) Бадай, помнікі архітэктуры — першае, што прыходзіць у галаву звычайнаму чалавеку пры слове “спадчына”.
Замак, палац (рус. дворец), сядзіба (рус. усадьба), маёнтак (рус. поместье), фальварак / невялікі маёнтак У маёнтку Падароск Ваўкавыскага раёна цяпер ствараецца Музей беларускай шляхты. Асноўная экспазіцыя размесціцца ў старадаўняй сядзібе Бохвіцаў.
Флігель, бровар (рус. винокурня), брама (рус. ворота), стайня (рус. конюшня), гумно, млын (рус. мельница) На бровары ў Снове пэўны час працаваў Янка Купала, пра што цяпер сведчыць валун з адпаведным надпісам. Стайня з калонамі ў Новых Навасёлках хутчэй нагадвала флігель сядзібы, чым жытло для коней.
Мур / сцяна Гаспадарчы двор ў Шчорсах атачае высокі мур на ўзор замкавага, які сканчаецца спічастымі вежамі.
Падмурак / фундамент Ад сядзібы, дзе нарадзіўся Ігнат Дамейка, засталіся толькі падмуркі і флігель для прыслугі.
Падстрэшша / гарышча / вышкі (рус. чердак) На гарышчы вясковай хаты можна знайсці шмат старадаўніх прадметаў сялянскага побыту.
Скляпенні (рус. 1. своды, 2. подвал), сутарэнне / лёх (рус. подземелье, подвал) У старой сядзібе турысты пабачылі старадаўнія скляпенні, а ў лёхах жыва ўявілі, як тут трымалі спайманых шпіёнаў.
Надмагілле / намагілле / надгробак Надмагілле Тамаша Зана можна пабачыць непадалёк паўразбуранага касцёла ў мястэчку Смаляны.
Храм: касцёл, царква, сінагога, мячэць У Іўі стаіць унікальны помнік чатыром канфесіям, якія суіснуюць у гэтым горадзе.
Рошчына (рус. раствор) Нашыя продкі, каб надаць муру трываласць, рабілі рошчыну з дадаваннем яек.
Крохкасць (рус. хрупкость) Цэгла пад уздзеяннем дажджоў і ветру зрабілася крохкай і нетрывалай.
Разбурэнне (рус. разрушение) / знішчэнне (рус. уничтожение) Тое, што не знішчылі войны і час, разбураецца ад абыякавасці людзей.
Захаванне (рус. сохранение), кансервацыя, рэстаўрацыя Калі не стае сродкаў на рэстаўрацыю Наваградскага замка, трэба прынамсі якасна закансерваваць гэтыя славутыя руіны.
Памяць, памятаць Памятаць свае карані — абавязак прыстойнага чалавека.
Валанцёр / добраахвотнік Аднаўленне замка ў Любчы адбываецца дзякуючы шматлікім валанцёрам і неабыякавым людзям на чале з Іванам Пячынскім.
Талака – калектыўная дапамога, супольная праца Тое, што не адужае адзін чалавек, заўжды лягчэй рабіць талакою!
Фальклор, збіраць фальклор, запісваць песні, прыпеўкі Дзякуючы шматлікім экспедыцыям фалькларыстаў і этнографаў у архівах захавалася багата старых песень і прыпевак.
Народны строй (рус. костюм) / убор Даследчык Міхась Раманюк зафіксаваў на сваіх фотаздымках народныя строі практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Арнамент, узор, вышыўка Сімволіка старых арнаментаў яшчэ не дарэшты вывучаная і расшыфраваная навукоўцамі.
Даробак / унёсак (рус. вклад) Студэнцкая экспедыцыя зрабіла істотны ўнёсак у даследаванне фальклору Лунінеччыны.
Брукаванка (рус. брусчатка) У Менску засталося літаральна некалькі вуліц, дзе яшчэ можна пабачыць старадаўнюю брукаванку.
Руплівасць / клапатлівасць (рус. заботливость), клопат (рус забота), стараннасць (рус. старание) Клопат пра нашую спадчыну, руплівасць і стараннасць у гэтай справе – высакародная рыса сапраўднага грамадзяніна.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Гнеалогія
Спакаемца
Рстытуцыя
Рочына
Дбраахвотнік
2. Выберыце правільны варыянт напісання:
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Потомок –
Поместье –
Усадьба –
Винокурня –
Конюшня –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Сяляне –
Палац –
Падмурак –
Брукаванка –
Убор –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Матэрэальная –
Старадрук –
Фальклёр –
Мінуўшчына –
Рэставрацыя –
6. Знайдзіце на малюнку Барысаглебскую царкву (Каложу):
Граматыка

Скланенне і правапіс лічэбнікаў

Па сваім значэнні і ўжыванні лічэбнікі падзяляюцца на колькасныя, да якіх таксама адносім зборныя і дробавыя, і парадкавыя. Па структуры вылучаюць простыя (адзін, сем), складаныя (дванаццаць, дзевятнаццаць) і састаўныя (трыццаць пяць, дзвесце сем).

Асаблівасці скланення і правапісу колькасных лічэбнікаў

  • Лічэбнік адзін мае род і лік (адзін, адна, адно, адны), прычым у множным ліку спалучаецца толькі з множналікавымі назоўнікамі і мае ў аснове ы (адны нажніцы, адных нажніц, аднымі нажніцамі).
  • Лічэбнік два мае дзве формы: мужчынскага і ніякага роду (два) і жаночага роду (дзве). У жаночых формах ва ўсіх склонах захоўваецца мяккая аснова з дз’ (дзвюх, дзвюм, дзвюма, пры дзвюх), у той час як у мужчынскіх – цвёрдая аснова з д (двух, двум, двума, пры двух). Пры скланенні лічэбнікаў два (дзве), а таксама абодва, абедзве, тры і чатыры ў творным склоне маем –а (двума, дзвюма, абодвума, абедзвюма, трыма, чатырма).
  • Лічэбнікі ад пяці да дваццаці і трыццаць скланяюцца на ўзор назоўнікаў  гаць і радасць: у творным склоне ў становішчы паміж галоснымі (інтэрвакальнае становішча) у іх адбываецца падаўжэнне ц (пяццю, адзінаццаццю), калі ж інтэрвакальнага становішча няма, то  падаўжэнне не адбываецца (шасцю, сямю, васьмю). Звярніце ўвагу на яканне ў лічэбніках сямнаццаць і васямнаццаць.
  • Пры скланенні лічэбнікаў ад пяцідзесяці да васьмідзесяці і ад двухсот да дзевяцісот скланяецца кожная частка (пяццюдзесяццю, двумастамі). У лічэбніках пяцьдзясят і шэсцьдзясят адбываецца яканне.
  • Лічэбнік дзвяноста мае ва ўсіх склонах адну форму.
  • Лічэбнікі сорак і сто ва ўсіх склонах, акрамя назоўнага і вінавальнага, маюць формы сарака, ста.
  • Лічэбнік тысяча скланяецца на ўзор назоўніка перадача.
  •  Лічэбнікі мільён і мільярд скланяюцца на ўзор назоўніка слон.
  • Пры скланенні састаўных лічэбнікаў змяняецца кожная частка на ўзор адпаведнага простага або складанага лічэбніка (чым? трымастамі дваццаццю сямю).
  • Зборныя лічэбнікі скланяюцца як прыметнікі множнага ліку з адпаведнай асновай (чацвёра – чацвярых, чацвярым, чацвярымі). Звярніце ўвагу, што звычайна ўжываюцца зборныя лічэбнікі ад двое да васьмёра. Астатнія формы лічацца рэдкімі і малаўжывальнымі.
  • У дробавых лічэбніках лічнік скланяецца як колькасны лічэбнік, а назоўнік – як парадкавы (дзве трэція, дзвюх трэціх, дзвюм трэцім). Калі лічнік – лічбы 2, 3, 4, то назоўнік будзе стаяць у назоўнай форме (тры пятыя, чатыры сёмыя), у астатніх выпадках – у форме роднага склону (пяць шостых, дзевяць дзясятых).

Асаблівасці скланення і правапісу парадкавых лічэбнікаў

  • Простыя і складаныя парадкавыя лічэбнікі скланяюцца на ўзор прыметнікаў (трэці, трэцяга, трэцяму і г.д.).  У састаўных лічэбніках скланяецца толькі апошняе слова (тысяча трыццаць шосты, тысяча трыццаць шостага, тысяча трыццаць шостаму і г.д.). Звярніце ўвагу на тое, што ў парадкавых лічэбніках дзявяты, дзясяты, сямнаццаты, васямнаццаты адбываецца яканне.
  • Калі парадкавыя лічэбнікі заканчваюцца на частку -дзясяты, -соты, -тысячны, -мільённы, -мільярдны, то яны пішуцца ў адно слова, незалежна ад таго, колькі лічэбнікаў маюць у сваім складзе. Запомніце, што ў такіх формах усе часткі звычайна маюць форму роднага склону: шасцісоты, чатырохтысячны, пяцідзесяцівасьмімільённы.
  • Парадкавыя лічэбнікі могуць таксама перадавацца лічбамі ў спалучэнні з канчаткамі, часткамі канчаткаў або састаўнымі часткамі ў выглядзе словаў: 34-ты, на 20-м годзе жыцця, 27-га траўня, 5-тысячны, 40-мільённы.
Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Запішыце словамі:
У 2 кнігах –
4/5 –
5 767 –
З 2 сябрамі –
17 вучняў –
2. Утварыце парадкавыя лічэбнікі і запішыце іх словамі:
10 (дзень) –
2 000 000 (горад) –
25 000 (замова) –
18 (кіламетр) –
300 (удзельнік) –
3. Праскланяйце лічэбнік 89 (восемдзесят дзевяць):
Родны склон –
Давальны склон –
Вінавальны склон –
Творны склон –
Месны склон – пры
4. Праскланяйце лічэбнік 233 (дзвесце трыццаць тры):
Родны склон –
Давальны склон –
Вінавальны склон –
Творны склон –
Месны склон – пры
5. Праскланяйце лічэбнік 776 (семсот семдзесят шэсць):
Родны склон –
Давальны склон –
Вінавальны склон –
Творны склон –
Месны склон – пры
Цікавінкі
Якія будынкі ў Беларусі самыя старыя?

 

Запытайся ў каго, каторыя помнікі архітэктуры ў нас найстарэйшыя, дык назавуць які Мірскі ці Нясвіжскі замак. Гэта натуральна, бо згаданыя аб’екты найбольш рэкламаваныя, цяпер абодва замкі аднаўляюцца, паломніцтва турыстаў туды не спыняецца круглы год. Аднак Мірскі замак, паводле самых смелых падлікаў, пачаў будавацца ў 1506 годзе, Нясвіжскі — у 1583-м. Няўжо няма нічога старэйшага? Ёсць! Паспрабуем пералічыць у храналагічным парадку тыя будынкі, дзе захавалася прынамсі істотная частка аўтэнтыкі. У асноўны рэйтынг дзеля роўнасці не будзем браць драўляныя пабудовы і падмуркі храмаў. Па часе абмяжуемся прамежкам да XV стагоддзя ўключна. Такім чынам…
1. Полацк. Сафійскі сабор, каля 1050 г. Найстарэйшы беларускі горад, які ўпершыню згадваецца ў летапісах у 862 годзе, трымае пяршынства і тут. Сафійскі сабор быў збудаваны ў прамежку між 1044-66 гадамі за князем Усяславам Чарадзеем. Перажыўшы колькі пажараў ды перабудоваў, храм датрываў ажно да XVІІІ стагоддзя, пакуль у Полацк не наведаўся рускі цар Пётр І.

— Добра выпіўшы, адзначаючы свае імяніны 29 чэрвеня 1705 года, Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ўчынілі ў Сафіі крывавую расправу над уніяцкімі святарамі, — распавядае пісьменнік-гісторык Уладзімір Арлоў. — Манахаў, якія адмовіліся падпарадкавацца п’янаму грубіяну, засеклі шаблямі проста ў храме, а попел развеялі над Дзвіной… У Сафіі зрабілі вайсковы склад. Роўна 300 гадоў таму, 1 мая 1710 года, тут выбухнуў порах… На думку некаторых гісторыкаў, Пётр загадаў наўмысна знішчыць Сафію, каб пазбавіць беларусаў гэтай святыні…

У 1738-50-х гадах Сафію адбудаваў геніяльны Ян Глаўбіц — не ў першасным выглядзе, а ў вынайдзеным тады стылі віленскага барока. Глаўбіц максімальна захаваў рэшткі сцен і апсіды, уключыўшы іх у новы храм, сіметрычна паўтарыўшы з іншага боку. Сёння гэтая дзевяціметровая апсіда, якую можна агледзець з сярэдзіны Сафіі, — найстарэйшая мураваная пабудова ў Беларусі. Дарэчы, літаральна гэтымі днямі Сафія зачыняецца на рэстаўрацыю: заменяць дах, вокны. На час працаў турыстам усярэдзіну ўваходу не будзе. Аднак, хто прыедзе ў Полацк у гэты перыяд, майце на ўвазе: рэстаўратары пакінулі колькі кавалкаў старажытнай апсіды незатынкаванымі звонку, калі стаяць тварам да ўваходу ў храм, іх можна пабачыць з правага боку, проста на дварэ.

2. Віцебск. Дабравешчанская царква, 1120-30-я гг. Менавіта такія даты часта сустракаюцца ў энцыклапедыях. Аднак аўтарытэтная даследчыца архітэктуры Тамара Габрусь лічыць, што Дабравешчанская царква нават старэйшая за Спаса-Еўфрасіннеўскую ў Полацку! І што памылкова — адносіць яе да Полацкай школы дойлідства, а выпадае казаць якраз пра перайманне архітэктуры гэтага храма!..

Царква неаднаразова перабудоўвалася, а ў 1961 годзе камуністы знішчылі ўнікальны помнік. Спачатку дакладна абмералі і сфатаграфавалі, а пасля ўзарвалі… У незалежнай Беларусі, у 1992 годзе, царква была адноўленая, у яе ўключаныя захаваныя старажытныя сцены вышынёй да некалькіх метраў, якія можна пабачыць як з сярэдзіны храма, гэтак і звонку — іх абачліва не затынкавалі.

3. Полацк. Спаса-Еўфрасіннеўская царква, між 1128 і 1150 гг. Гэты храм — найстарэйшы ў Беларусі будынак з тых, што захаваліся амаль у першасным выглядзе. Яго між 1128 і 1156 гадамі збудаваў дойлід Іаан на замову Святой Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея. Царква пасля пабудовы стала саборным храмам Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. У ёй была келля Найпадобнай Еўфрасінні, якая цудоўна захавалася да нашых дзён. Засталіся ў царкве і ўнікальныя фрэскі, якім больш за сем стагоддзяў! Адметна, што літаральна ў мінулым месяцы ў Полацку ўсталявалі помнік дойліду Іаану, а новы праспект горада назвалі яго імем.

4. Гродна. Барысаглебская царква (Каложа), да 1183 г. Збудаваная ў другой палове ХІІ стагоддзя, да 1183 года (першая згадка), на высокім правым беразе Нёмана побач з Замкавай гарой. Гэта і загубіла Каложу: 2 красавіка 1853 года палова храма абрынулася ў Нёман… На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў царкву аднавілі: знішчаную частку выканалі з дрэва. Так храм выглядае і сёння. І гэта вельмі арыгінальна: кожны чалавек можа пабачыць на свае вочы пакручастую гісторыю гэтага ўнікальнага храма. Цяпер ідуць дэбаты, як аднаўляць Каложу: ці проста паднавіць драўляную частку, ці дабудоўваць з цэглы? Мяркую, апошні варыянт проста знішчыць гэтую непаўторную адметнасць… Між іншым, з ХІІ стагоддзя захавалася шмат мазаічных крыжоў на сценах, выкладзеных з валуноў ды каляровых маёлікавых пліт: ёсць да чаго дакрануцца!..

5. Камянец. Белая вежа, між 1276 і 1288 гг. Вежа — помнік абарончага дойлідства, збудаваная паміж 1276 і 1288 гадамі на пагорку, які быў абнесены валам з драўлянымі ўмацаваннямі. Вышыня вежы 30 метраў (як дзевяціпавярховы дом!), дыяметр — 13,5 метра, таўшчыня сцен — 2,5 метра. Вежа збудаваная з чырвонай і жоўтай цэглы. “Белай” яе назвалі толькі ў ХІХ стагоддзі расійскі гісторык Карцаў і мясцовы святар Паеўскі, якім чамусьці падалося, што вежу раней бялілі. Аднак дакументальных сведчанняў гэтага няма.

Цалкам белай вежа зрабілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, за савецкім часам. Мясцовыя ўлады рыхтаваліся да чарговых святаў і вырашылі перастрахавацца, пабяліўшы вежу: каб розныя камісіі і дэлегацыі не дачапіліся да “не таго” колеру сцен… Адмылі вежу ўжо ў незалежнай Беларусі брэсцкія альпіністы і камянецкія ратаўнікі, аднавіўшы гістарычную справядлівасць.

6. Наваградак. Замак, сярэдзіна XІІІ ст. Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Тут у 1253 годзе каранавалі князя Міндоўга. Выходзіць, што замак пачаў будавацца раней за гэтую дату, недзе ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Паводле іншых звесткак, каранацыя была яшчэ ў драўляным замку.

Замак не страчваў свае абарончае функцыі ажно да 1710 года, калі яго спалілі шведы… Да сёння дайшлі рэшты толькі дзвюх вежаў (усяго было сем). Цэнтральная, або Шчытавая — тая, што захавалася найбольш, можна агледзець яе мур, вокны, байніцы. Другая захаваная частка належыць вуглавой альбо касцельнай вежы — бо знаходзіцца найбліжэй да Фарнага касцёла.

Якраз цяпер ідзе дыскусія, якім чынам кансерваваць ці аднаўляць Наваградскі замак. Зразумела, што “дабудоўваць” яго нельга — гэта парушыць усе прынятыя ў свеце правілы захавання помнікаў архітэктуры. Аднак меры прымаць трэба, бо без кансервацыі замак можа быць страчаны. Таму нядаўна Міністэрства культуры пастанавіла ўсе сродкі ад латарэі “Скарбніца” пускаць на аднаўленне замка. Кошт латарэйкі роўны кошту цагліны. Дык пакладзем жа кожны па сімвалічнай цаглінцы на аднаўленне Наваградскага замка!

7. Ліда. Замак, 1323 г. Лідскі замак будаваў у 1323-28 гг. Князь Гедымін. Цягам некалькіх стагоддзяў гэта была наймагутнейшая крэпасць на заходніх землях Беларусі.

Замак вытрымаў шмат аблогаў, у выніку чаго сцены былі пашкоджаныя, а вежы і ўнутраная забудова знішчаныя цалкам. Аднак большая частка сценаў выстаяла: не дзіўна, бо яны маюць больш за 12 метраў вышыні і да 2 метраў таўшчыні!

Ужо колькі дзесяцігоддзяў замак аднаўляецца. Прычым спачатку аднаўленне ішло з няякаснай цэглы, якую цяпер давялося разабраць. Сёлета ў Лідзе адбудуцца “Дажынкі” — дзеля гэтага на замак вылучаныя значныя сродкі. Ёсць спадзяванне, што Лідскі замак нарэшце паўстане ва ўсёй сваёй велічы і харастве!..

8. Крэва (Смаргонскі раён). Замак, да 1338 г. Крэўскі замак, збудаваны каля 1338 года, — сакральнае месца для Беларусі і былой Літвы: тут вырашаўся лёс усяе Еўропы, што сведчыць пра нашу непарыўную супольную гісторыю і значнасць нашай зямлі. У вежы замка (якая часткова захавалася) 15 жніўня 1382 года па загадзе Ягайлы быў задушаны ягоны дзядзька, князь Кейстут (каб не складаў канкурэнцыю ва ўладзе). А роўна праз тры гады, 14 жніўня 1385 года, у гэтай самай вежы была падпісаная Крэўская унія, пасля якой Ягайла здабыў права ажаніцца з польскаю каралеўнаю Ядзвігаю і зрабіцца польскім каралём! Ад таго часу Ягайла назваўся “каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім”.

Замак стаіць у руінах некалькі апошніх стагоддзяў: ужо ў пачатку ХІХ стагоддзя ён быў у занядбаным стане, а мясцовыя жыхары пачалі разбіраць яго на камяні. Гэтаксама, як некалі гэтыя камяні сюды насілі. З XІV стагоддзя да нас дайшоў праклён: “Каб ты ўсё жыццё збіраў камяні на Крэўскі замак”. Пры будаванні замка сапраўды было правіла, што кожны, хто праязджаў праз мястэчка, мусіў прывезці камяні на замак, спаганялі і з мясцовых жыхароў.

Нават закінуты, Крэўскі замак уражвае сваімі 12-метровымі сценамі, якія маюць таўшчыню да 2,5 метра. Хочацца верыць, што разам з аднаўленнем іншых замкаў (Мір, Нясвіж, Косава, Ружаны, Наваградак, Ліда) — дойдуць рукі і сюды. Крэўскі замак мусіць быць гонарам нашай краіны!

9. Уселюб (Навагрудскі раён). Касцёл Святога Казіміра, да 1433 г. Збудаваў касцёл ва Уселюбе Ян Няміра, канюшы Вялікага князя Вітаўта. З вядомай даты вынікае, што гэта — самы стары касцёл Беларусі. Аднак храм быў значна перабудаваны ў ХІХ стагоддзі — прынамсі вежа ў сённяшнім выглядзе з’явілася менавіта тады…

Першапачаткова касцёл ва Уселюбе будаваўся як каталіцкі храм Яна Хрысціцеля. Ад 1576 па 1642 год з’яўляўся кальвінскім зборам, пасля зноўку стаўся касцёлам і быў асвечаны ў імя Святога Казіміра.

У 1986 годзе касцёл моцна пацярпеў ад пажару, быў адноўлены ў 1988 годзе.

Уселюбскі касцёл — найбольш ранні ўзор готыкі ў мураваным каталіцкім будаўніцтве ў Беларусі.

10. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён). Траецкі касцёл, да 1472 г. Гэты храм — самы стары ў Беларусі касцёл з тых, якія не былі перабудаваныя. Першая згадка — 1472 год. Гэта значыцца, што да таго часу касцёл ужо быў — і, верагодна, можа памятаць нават Вітаўта Вялікага!

Пашкоджаны храм быў толькі аднойчы — у часе вайны з Масковіяй 1654-57 гадоў. Як і касцёл ва Уселюбе, у другой палове XVІ стагоддзя гэты храм быў прыстасаваны пад кальвінскі збор, у 1641 годзе вернуты каталікам. Пасля паўстання Каліноўскага, як і многія касцёлы, імперскія ўлады аддалі Ішкалдзь… На гатычны касцёл начапілі недарэчную цыбуліну…

Унутранае ўбранне храма ў выніку перадачаў у розныя веры не захавалася. Аднак тут можна пабачыць цікавы вітраж найноўшага часу: людзі, якія едуць у чорнай машыне. Ксёндз Мацей ахвотна распавядае кожнаму, што гэта — рэальная гісторыя. За савецкім часам сюды прыехалі НКУСаўцы зачыняць і руйнаваць храм, але людзі літаральна на каленях пераканалі гэтага не рабіць. Другі наступ быў яшчэ больш брутальны: прыгналі тэхніку, бульдозеры. Тады вернікі леглі проста пад колы. Начальнік загадаў кіроўцу ехаць — проста па людзях. Аднак кіроўца выскачыў і сказаў: “Хочаш — едзь сам, я па людзях не паеду!” Гэтую гісторыю старыя жыхары пераказваюць і цяпер.

А яшчэ ксёндз Мацей апавядзе вам трагічную гісторыю ксяндза Вінцэнта Латарэвіча. У 1919 годзе камуністы патрабавалі, каб ксёндз выракся веры. Святар адмовіўся. За гэта 19 сакавіка 1919 года яго жорстка забілі — адвезлі ў Мір, адсеклі галаву і выкінулі ў замкавую студню. Вернікі цішком выцягнулі забітага ксяндза і пахавалі каля Ішкалдскага касцёла…

…Дарэчы, знайсці Ішкалдзь лёгка. Многія бачылі на Брэсцкай трасе агромністую скульптуру зубра на мяжы трох абласцей — Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай. Дык вось, Ішкалдзь знаходзіцца літаральна некалькі кіламетраў управа (калі ехаць з Менска). Аднак патрапіць туды можна толькі праз старую брэсцкую трасу, таму ўзбройвайцеся мапай!

МАЙ НА ЎВАЗЕ

З рознымі агаворкамі (дзе руіны, дзе падмурак…) да спіса можна дадаць:

Геранёны (Іўеўскі раён). Руіны замка, канец XV—пачатак XVІ стст. На вялікі жаль, усё, што засталося ад замка, — невялікія кавалкі вежаў 1-2 метры ў вышыню…

Брэст. Археалагічны музей “Бярэсце”, рэшткі драўлянай забудовы XІ—XІІІ стст. Захаваліся пабудовы са сценамі да 7-12 вянцоў.

Гродна. Стары замак, XІІ—XІX стст. Ад першапачатковага замка ацалелі толькі падмуркі і часткі сцен, іншае пабудавана значна пазней.

Наваградак. Фарны касцёл, капліцы пачатку XVст. Касцёл у сённяшнім выглядзе пабудаваны ў 1712-23 гг. Аднак у яго аб’ём уключаныя тры ранейшыя капліцы пачатку XV стагоддзя. Дарэчы, у гэтым касцёле 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.

Тураў (Жыткавіцкі раён). Падмуркі царквы 1170-х гг. Гэтая царква з’яўлялася самай буйной мураванай пабудовай на тэрыторыі заходніх земляў старажытнай Русі. Мела даўжыню 29,3 метра, шырыню 17,9 метра. Знішчаная землятрусам 3 мая 1230 года. Цяпер падмуркі расчышчаныя, над імі збудаваны павільён, і кожны ахвотны можа агледзець унікальную рэліквію.

Глеб Лабадзенка