Крок 5
Тэма лексікі : Адзенне
Тэма граматыкі : Паланізмы

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка

Зашпіліце станік на гафтку!

Жаночы гардэроб

Слова Прыклад выкарыстання
Калготкі Берасцейскія калготкі ў 140 den сагрэюць вас у любыя маразы!
Панчоха, панчохі (ж. р., рус. чулки) Панчохі ў сетачку будуць модныя ва ўсе часы!
Ста́нік / бюстгалтар Ганна была не ў стане расшпіліць станік.
Кару́нкі (толькі мн. лік, рус. кружева) Карункі на бялізне дадаюць дзяўчыне пяшчотнасці і жаноцкасці.
Майточкі / трусікі Дзявочыя майточкі з карункамі найбольш падабаюцца хлопцам.
Разам станік і майточкі – бялі́зна Беларуская бялізна славіцца якасцю і натуральнасцю.
Паліто / палітон На помніку Леніну ў Менску паліто зашпілена на жаночы бок.
Абца́с (рус. каблук) Кажуць, невысокія людзі часта імкнуцца набываць абутак з высокімі абцасамі.
Боты, боцікі, паўбоцікі з абцасамі Як гэта дзяўчаты ходзяць у боціках на 15-сантыметровых абцасах?!
Ша́лік (рус. шарфик) Адэля хацела надзець шалік у дарогу, але чамусьці раптоўна ўзгадала Айседору Дункан.
Сумачка / торбачка На прэм’еру “Пана Тадэвуша” ў Купалаўскім Васіліна прыйшла з залацістаю сумачкаю.
Торба / сумка (вялікая) Студэнты курсаў “Мова Нанова” ведаюць, што з торбамі ад “Будзьмы” вельмі зручна хадзіць па садавіну і гародніну на Камароўку.
Берэт На Зосі быў блакітны берэт, але яна не збіралася святкаваць Дзень дэсантніка і купацца ў фантане ля Опернага тэатра.
Суке́нка Даўгая сукенка Яны вельмі пасавала да ўрачыстай атмасферы вечарыны.
Кофта / кофтачка У ружовай кофтачцы Вераніка звычайна хадзіла на прэс-канферэнцыі.
Пальча́ткі Каб фарбаваць плот, звычайна Марыся набывала ў аптэцы аднаразовыя хірургічныя пальчаткі.
Ху́стка Мода ходзіць па коле – цяпер зноўку можна сустрэць дзяўчат у хустках.
Ту́фель / туфлік (м.р.) Ева згубіла ту́флік – і зрабілася сапраўднаю Папялушкаю!
Пантофлі (хатнія туфлі) Сёння я так і не вылезла з пантофляў і піжамы.
Фу́тра (рус. 1. шуба; 2. мех) Шмат хто з паненак марыць пра прынца на белым кані, які падорыць ёй футра.
Спадні́ца Сённяшнія дзяўчаты замест спадніцы, на жаль, звычайна носяць джынсы…
Міні-спадні́чка Калі міні-спаднічка закароткая, то гэта можа выклікаць неадназначную рэакцыю ў мінакоў.

Мужчынскі гардэроб

Слова Прыклад выкарыстання
Пінжа́к (хто-ніхто ўжывае таксама слова «марына́рка», наўпрост запазычанае з польскай мовы) На сустрэчу з гледачамі Яўген звычайна хадзіў у залацістым пінжаку.
Камізэ́лька (бывае асобна ці ў касцюме-тройцы) Было спякотна, Генадзь зняў пінжак і застаўся ў кашулі з камізэлькаю.
Нагаві́цы / порткі / штаны Дастаючы кацяня з-пад машыны, Рыгор запэцкаў нагавіцы.
Ма́йткі (у сучасным жывым маўленні часцей сустракаецца націск на апошні склад – майткі́) / трусы Міхасёвы майткі ў чырвоныя бобачкі выклікалі нечуваны ажыятаж на пляжы.
Боты (рус. сапоги), адз. л. бот. Ужываецца таксама ў агульным значэнні ‘абутак’. Высокія боты – верны памочнік кожнага рыбака. Гаспадыня заўсёды нервавалася, калі госці ў хаце не здымалі ботаў (у значэнні “абутак”).
Чараві́кі (рус. башмаки, ботинки) Перад падарожжам Юрась выправіўся ў краму па новыя чаравікі.
Шкарпэ́ткі, адз. лік шкарпэ́тка (рус. носок) Вядомая мужчынская праблема – знайсці дзве аднолькавыя шкарпэткі.
Строй / убор (звычайна пра народны) На Купалле Мікола заўжды ўбіраўся ў свой вышываны строй.
Гарнітур / касцюм Арганізатары мерапрыемства папярэдзілі ў запрашэнні, што паводле дрэс-коду патрабуецца строгі гарнітур.
Спартовы касцюм Апошнім часам спартовыя касцюмы перасталі быць штодзённай вопраткай як у горадзе, так і ў вёсцы.
Шапка Не спі ў шапку, беларус!
Капялю́ш (рус. шляпа) Уся справа ў капелюшы!
Брыль – саламяны капялюш А ці ведаеце вы, што слова «брыль» мае і іншыя значэнні – стрэшка над уваходам і казырок?
Кашу́ля У летнюю спёку Антось любіў насіць кашулю навыпуск.
Саколка / цішотка / майка / вышымайка (майка з арнаментам) Да 500-годдзя Аршанскай бітвы ў крамах з’явіліся юбілейныя саколкі.
Швэ́дар / світар (слоўнікі падаюць толькі “світар”, але “швэдар” больш прыжыўся і распаўсюдзіўся ў жывой мове) Уладзімір Караткевіч зімою хадзіў у швэдрах, якія яму плялі шматлікія прыхільніцы.
Рэ́мень / пояс / пас / папру́га / дзя́га Новыя штаны былі завялікія – давялося падперазацца рэменем.
Гальштук Каб правільна завязаць гальштук, Янка знайшоў відэаінструкцыю ў сеціве.
Мя́тлік / матылёк З нагоды свята Якуб надзеў мятлік замест звычайнага гальштука.

Агульныя паняткі

Слова Прыклад выкарыстання
Адзенне / вопратка / адзежа (гутарк.) Сучасная моладзь надае шмат увагі сваёй вопратцы.
Бялі́зна – сподняе адзенне Крамы з беларускай бялізнай можна часта сустрэць за мяжой.
Абу́так (рус. обувь) Рамонт абутку можна сустрэць ці не на кожнай вуліцы.
Мала́нка (рус. молния) / замок (гутарк.) Кофты на маланцы дужа зручныя: можна расшпіліцца, калі горача.
Гу́зік (рус. пуговица). Звярніце ўвагу: выбухное г! Пятро так добра пад’еў у гасцях, што калі ўставаў з-за стала, з кашулі павылятала колькі гузікаў.
За́сцежка / шпілька (рус. булавка) Накідка на Алене трымалася на адной засцежцы.
Га́плік і га́фтачка / гафтка / гапка — маленечкія кручок і пяцелька, каб зашпільваць спадніцу, станік і г.д. Алесь ніколі не разумеў, як дзяўчаты зашпільваюць станік, трапляючы рукамі за спінаю гаплікам у гафтачку.
Шво (рус. шов). Звярніце ўвагу: ніякі род! На фірмовых джынсах мусіць быць двайное, а тое і трайное шво.
Рукаво / рукаў Нават няўзброеным вокам было відаць, што адно рукаво выйшла карацейшае за другое.
Кішэ́нь / кішэня (рус. карман) На жаночай вопратцы часта робяць кішэні-падманкі – выключна для прыгажосці.
Каўне́р (рус. воротник) Каб выглядаць маднейшым, ідучы ў горад, Андрусь падымаў каўнер свайго палітона.
Крысо / пала́ З-пад крыса доўгага плашча выглядалі паношаныя шэрыя нагавіцы.
Калашына́ / калашы́на / калоша / штаніна Цяпер у модзе вузкія калашыны.
Капюшон У асенняй куртцы Арцёма вельмі зручна можна было адшпіліць капюшон на маланцы.
Падшэ́ўка (рус. подкладка) Падшэўка пінжака была шаўковая і мела незвычайны малюнак.
Тканіны: аксаміт (рус. бархат), шоўк, воўна / шэрсць, бавоўна (рус. хлопок), лён Даўней сукенкі з аксаміту маглі сабе дазволіць толькі шляхцянкі, а звычайныя паненкі насілі ўбранне з лёну.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):

Пало

Шак

Пачаткі

Берт

Рмень

2. Выберыце правільны варыянт напісання:

3. Перакладзіце на беларускую мову:
Жилетка  –
Маленький крючок, чтобы застегивать юбку, бюстгалтер и т.д. –
Обувь –
Карман –
Трусы –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Мятлік –
Падшэўка –
Каўнер –
Футра –
Крысо –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Апцас –
Шарфік –
Пантофлі –
Піджак –
Парчаткі –
Граматыка

Паланізмы ў беларускай мове

Асноўныя рысы паланізмаў (запазычанняў з польскай мовы) у беларускай мове перадусім выяўляюцца на фанетычным узроўні:

  • спалучэнне галосных а, о, е, ё, э з н: енк, швэндацца, укленчыць, здранцвець;
  • наяўнасць цвёрдага дз: ксёндз, пэндзаль;
  • спалучэнне дл: подлы, павідла, кудлаты;
  • ц на месцы ўсходнеславянскага ч і паўднёваславянскага шч: моц, цуд;
  • няпоўнагалоссе: змрок, млосна, Брэст;
  • Выбухны г: ганак, гузік, гонта, нягеглы, газа, швагер, гарнец;
  • Спалучэнні ге, ке: кепскі, нягеглы;
  • Спалучэнне лу паміж зычнымі: слуп, тлум, тлусты.

Трэба згадаць таксама “клясычны правапіс”, паводле якога, напрыклад, інтэрнацыянальная лексіка перадаецца згодна з польскай традыцыяй: сярэднееўрапейскі l перадаецца мякка: лёгіка, пілёт, філёляг (дарэчы, у сучасную літаратурную мову патрапіла ўсяго некалькі словаў з мяккім ллямпа, лямант, лямец); зычныя з і с вымаўляюцца цвёрда: прэзыдэнт, фізычны, сытуацыя, газэта; запазычанні з класічных моваў перадаюцца паводле лацінскай традыцыі: барбар, Бабілён, сымбаль, міт, артаграфія, катэдра і інш.

Націск у словах, запазычаных з польскай, падае на перадапошні склад: выхо́дны, выпа́дак (выступаюць як варыянт пашыраных у літаратурнай мове варыянтаў выхадны́, вы́падак).

На марфалагічным узроўні словы, што трапляюць у нашу мову з польскай, захоўваюць свае прыкметы, напр., род і лік у назоўніках: здрада, цнота, скарб, млын. У “клясычным правапісе” некаторыя інтэрнацыяналізмы маюць польскія марфалагічныя рысы, паколькі запазычваліся праз польскую мову: тэмат (муж. р.) замест літаратурнага тэма; тэза (жан. р.) замест літаратурнага тэзіс.

Да словаўтваральных паланізмаў адносяць словы з наступнымі суфіксамі:

  • суфікс –іск-: даміска, агніска;
  • суфікс –он-/-ён- у дзеепрыметніках: незлічоны, утрапёны;
  • суфікс –оўк-: таксоўка, дахоўка;
  • суфікс – унак- (па сваім паходжанні гэта нямецкі суфікс, адаптаваны польскай мовай): гатунак, ратунак, пацалунак, ласунак.
  • суфікс –ус-: мамуся, татуся, бабуся;
  • суфікс –ізн-/-ызн-: старызна, пальшчызна.

У апошні час адбываецца актывізацыя пашыраных у польскай мове словаўтваральных мадэляў кшталту міліцыянт, паліцыянт; вучэльня, пральня, распранальня; барокавы.

Да сінтаксічных паланізмаў адносяць канструкцыі кшталту жыць з … (заробку), карыстацца з … (запасаў), перапрацоўваць на … (дрэва на паперу), а пятай … (гадзіне), а палове на шостую … (гадзіну) і інш.

На лексічным узроўні вылучаюцца не толькі словы, якія захавалі рысы польскай мовы (гл. вышэй), але і вялікая колькасць паланізмаў, засвоеных беларускай мовай фанетычна, акцэнталагічна, марфалагічна, сінтаксічна і семантычна: улада, хустка, сукенка, падатак, блакітны, кахаць. Да паланізмаў звычайна таксама адносяць запазычанні з нямецкай мовы, якія спачатку патрапілі ў польскую мову і былі ёй адаптаваныя, а ўжо пасля, праз яе пасярэдніцтва, былі запазычаны беларускай: варунак, абцас, дрот, вандраваць, шпалеры.

Паланізмы таксама сустракаюцца і сярод фразеалагізмаў, у першую чаргу ў заходнебеларускіх гаворках. Яны могуць быць цалкам запазычанымі з польскай мовы, а могуць утрымліваць толькі паасобныя паланізмы:

Велькія пацеры, як сам велькі (pacierz – малітва).
Голы як свенты турэцкі (вельмі бедны).
Нябескія мігдалы (нешта надзвычай смачнае).
Як пан пшэнны (пра таго, хто жыве вельмі добра).
Адбіваць бонкаў (марнаваць час; bąk – авадзень).
Гнэмбіць муху (здзекавацца са слабейшага; gnębić – прыгнятаць, кпіць).
Фіёлкі ў галаве скачуць (пра легкадумнага чалавека; fiołek – дзівацтва).
І на свёнткі і на пёнткі (заўсёды).
Плесці баналюкі (гаварыць абы-што; banialuki – лухта, глупства).

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Перакладзіце на беларускую мову:
Проволока –
Сорт –
Крыльцо –
Кисточка –
Столб –
2. Перакладзіце на рускую мову
Змрок –
Цнота –
Быдла –
Шпалеры –
Ратунак –
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Ветчина –
Налог –
Косынка –
Каблук –
Чудо –
4. Перакладзіце на рускую мову

Слодыч –

Пральня –
Ласунак –
Парэнчы –
Рыштунак –

5. Знайдзіце фармальныя прыкметы паланізмаў (спалучэнні гукаў, суфіксы і г.д.) у наступных словах:



Пастарунак –
Павідла –
Прэнт –
Нэндза –
Вятрыска –
Цікавінкі

Адкуль у нашай мове паланізмы?

У выніку кантактаў паміж народамі адбываецца запазычанне і засваенне розных моўных элементаў адной мовы іншай (лексем, словаўтваральных элементаў, сінтаксічных канструкцый і інш.) Звычайна найбольш інтэнсіўныя кантакты назіраюцца паміж блізкароднаснымі мовамі і мовамі-суседкамі. Польская якраз і з’яўляецца такой у дачыненні да беларускай. Паланізмы (запазычанні з польскай мовы) утвараюць сабой вялікую групу і сустракаюцца на розных узроўнях беларускай мовы, паколькі стасункі паміж нашымі мовамі існавалі на працягу ўсёй гісторыі, хоць і адбываліся з рознай інтэнсіўнасцю.

Па-першае, трэба ўзгадаць беларуска-польскае двухмоўе 15-18 стст. Асабліва яно ўзмацнілася пасля падпісання ў 1569 годзе Люблінскай уніі пры ўваходзе ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўсё справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Адбывалася культурная асіміляцыя вышэйшых слаёў грамадства, якая прывяла да распаўсюду культурніцкага кайнэ – т. зв. пальшчызны крэсовай, якая паўстала на базе польскай мовы, але мела шматлікія беларускія элементы (напр., мова твораў Адама Міцкевіча), а часам і штучныя паланізмы (напр., кэнсты замест кусты на Браслаўшчыне). Распаўсюду польскай мовы на нашай тэрыторыі паспрыяла і пашырэнне каталіцтва як рэакцыі на Рэфармацыю. Адбываўся таксама працэс міграцыі на беларускую тэрыторыю тых палякаў, якія за нясенне воінскай павіннасці атрымлівалі надзелы зямлі (т. зв. шляхта засцянковая). Згодна са Статутам ВКЛ, дзяржаўныя пасады не маглі займаць выхадцы з іншых земляў, таму палякі часта браліся шлюбам з беларускамі, ствараючы змяшаныя сем’і. У 17 ст. на тэрыторыі Палесся пачалося актыўнае развіццё лясной прамысловасці, што таксама паспрыяла перасяленню палякаў (т. зв. шляхта чыншова). Пазней адбывалася таксама актыўная міграцыя польскіх сялян у Беларусь. Польская дзяржава і прадстаўнікі каталіцкай царквы ў гэты перыяд праводзілі даволі агрэсіўную палітыку паланізацыі. У Заходняй Беларусі вялікая колькасць беларусаў каталіцкага веравызнання была запісана палякамі (так званыя касцельныя палякі).

Такім чынам, у перадваенны перыяд на заходнебеларускіх тэрыторыях налічвалася каля 1,5 млн. палякаў (разам з беларусамі-католікамі). Пасля Другой Сусветнай вайны значная колькасць палякаў вярнулася на тэрыторыю Польшчы, а частка беларусаў, што раней называлі сябе палякамі ў сувязі са сваім каталіцкім веравызнаннем, пачала ўсведмляць сябе беларусамі. У выніку гэтых працэсаў колькасць польскага насельніцтва на нашай тэрыторыі скарацілася. Аднак, нягледзячы на гэта, сёння палякі складаюць у нашай краіне другую пасля рускіх нацыянальную меншасць і польскія запазычанні працягваюць трапляць у нашу мову.

 

Іда Разенталь

Іда Разенталь (у дзявоцтве Кагановіч) нарадзілася 9 студзеня 1886 года ў мястэчку Ракаў. У 16 гадоў пераехала ў Варшаву, дзе працавала швачкай. У 1904 перабралася ў ЗША, дзе праз год пабралася шлюбам з Уільямам Разенталем.


У 1921 годзе Іда з мужам, а таксама Энід Бісэт заснавалі краму адзення, якая праз год атрымала назву Maidenform. Кліенткі скардзіліся на нязручныя гарсэты – і тады Іда стала шукаць лепшыя варыянты. У выніку яна пачала дадаваць у свае сукенкі ўкладкі анатамічнай формы для грудзей. Пасля пры дапамозе мужа Іда ўдасканаліла сваё вынаходніцтва і пачала прадаваць станікі асобна ад сукенак. Папулярнасць гэтай вынаходкі вырасла настолькі, што давялося распрацаваць розныя памеры чашачак, а таксама рэгуляваныя шлейкі, каб кожная паненка магла прыстасаваць станік пад сябе. У 1925 годзе Разенталі адкрылі ў горадзе Байтан (штат Нью-Джэрсі) цэлы завод па вырабе станікаў. Сёння кампанія Maidenform займае ладную долю амерыканскага рынку і экспартуе сваю прадукцыю па ўсім свеце.

Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку!

Назвы адзення ў беларускіх прыказках і прымаўках

Вялікі пан – падраны жупан (мужчынскае і жаночае адзенне заможнага насельніцтва Беларусі ў XVI-XIX стст.).
Гэткія паны – па тры ў штаны.
Сем паноў, двое штаноў; хто раней устаў, той штаны ўзяў.
Не ў свае штаны не ўбірайся.
Гаспадарку весці – не штанамі трэсці.
Латана світка не загана.
Тая світа, ды налева пашыта.
З жабрака сарочкі не здзярэш.
Хоць у адной сарочцы, абы па любові.
Нітка да ніткі – беднаму сарочка.
Хто свята пытае, той сарочкі латае.
За “дзякуй” футра не справіш.
Каб не ежка ды не адзежка, дык была б грошай поўна дзежка.
Не адзежа робіць чалавека, а чалавек адзежу.
Хоць малы, вялікаму лапці падпляце.
За пераборы – лапці ды аборы (матузкі ў лапцях).
Антось ды Тадора – што лапаць ды абора.
Чорт сем пар лапцяў стаптаў, пакуль гэткую пару дабраў.
Балі ды гулі ў лапці абулі.
Гулі не аднаго ў лапці абулі.
Выйсці хоць і за лапаць, абы не плакаць.
Як з пана пан, то аддасць валы, а як з мужыка пан, то здзярэ пасталы (абутак з суцэльнага кавалка скуры).
Усе мае зборы – пасталы і аборы.
Рэчкі не праплыў, а панчохі ўжо сушыць.
На назе бот рыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць.
Боты новыя, а пяты голыя.
Не Бог пашыў боты – шаўцовай работы.
Няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны.
Зверху шоўкавыя хусткі, а ў галаве пусткі.
Не па Хомку шапка.
Абяцаная шапка вушэй не грэе.
Як не грэе дух, то не сагрэе і кажух.
Калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце.
Не ўзяўшы на душу, не хадзіць у кунтушу (верхняе доўгае мужчынскае адзенне ў заможных беларусаў).
Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку (даўгая жаночая ваўняная спадніца ў клетку ці палоску).
Свая сярмяжка нікому не цяжка.
Бліжэйшая кашуля, чым сярмяга.
Гулі, гулі, аж няма кашулі.
Хоць нагавіцы застаўлю, а на сваім пастаўлю.