Крок 14
Тэма лексікі : Жывёльны свет
Тэма граматыкі : Прыналежныя прыметнікі

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка
Слова Прыклад выкарыстання
Жывёла / жывёліна (рус. животное) Высілкамі неабыякавых людзей у Менску створаны прытулак для бяздомных жывёлаў.
Звер (мн. л. звяры́) Праз дарогу бег вялікі звер, але ў цемры было не разгледзець які.
Істота (рус. существо) Вяскоўцы хваляваліся: нейкая істота цягала штоноч яйкі з куратнікаў, але потым выявілася, што злодзеем аказаўся Цімохаў сабака.
Асобіна (рус. особь) Апошняя асобіна тура загінула ў 1627 годзе ў Польшчы праз хваробу, якая выкасіла генетычна слабую нешматлікую папуляцыю гэтых наймагутнейшых жывёлаў.
Заапарк Якія б ні былі шыкоўныя вальеры-апартаменты ў жывёлаў у заапарках, гэта ўсё ж няволя, хоць для многіх відаў яна стала паратункам.
Скуголіць / выць / скавыта́ць Суседскі сабака скуголіць на пяць паверхаў.
Іклы́ (адз. л. іко́л, рус. клыки) Стан здароўя многіх жывёлаў вызначаюць па іклах.
Сысу́н / млекакормячы (рус. млекопитающее) У Беларусі жыве 76 відаў сысуноў. Яшчэ са школы Дамінік памятаў, што найвялікшае ў свеце млекакормячае — кіт. 
Смакта́ць / ссаць (рус. сосать) Самы маленькі парсючок ніяк не мог прабіцца праз сваіх сясцёр і братоў, якія заўзята смакталі малако.
Драпе́жнік (рус. хищник) Вобраз вожыка з яблычкам на іголках з дзіцячых кніжак мала стасуецца з рэальнасцю, бо насамрэч звярок з’яўляецца паспяховым драпежнікам, які палюе на дробных істотаў.
Свойскія жывёлы / свойская жывёла (рус. домашние животные) Сусед ганарыўся сваёй свойскай жывёлай — і было чым! — бо гаспадар разводзіў племянных асобінаў, якія вельмі вылучаліся на фоне вясковай жыўнасці.
Скаціна (гутарк.)чатырохногая свойская жывёла Дзед Нікадзім ужо гнаў скаціну з выгану.
Конь, кабыла, жарабя / жарабё Яўген ехаў вярхом на кані і адчуваў сябе бадай што прафесійным наезнікам.
Карова, бык, цяля / цялё / цялятка Ёсць вёскі, дзе ўжо не сустрэнеш на поплаве ніводнай каровы, хоць вяскоўцы яшчэ ніяк не прывыкнуць ужываць крамнае малако.
Свіння, кабан, свінчо / парсюк / парсючок / парася / парасё / парасятка Свіння была адамашненая чалавекам каля сямі тысяч гадоў таму. Вага дарослай свінні даходзіць да 150 кілаграмаў.
Каза, казёл, казляня / казлянё “Каза” з’яўляецца адным з галоўных персанажаў беларускага святкавання Калядаў.
Трус (рус. кролик), трусяня / трусянё / трусянятка З усіх беларускіх удзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання” найбольш запомніўся Юра Дземідовіч, які выканаў на конкурсе сваю хітовую песню “Чароўны трусік”.
Авечка, баран, ягня / ягнё Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць (прымаўка).
Кот, котка / кошка, кацяня / кацянё Кот Кастусь, які па пэўных прычынах не мог мець сваіх дзяцей, на ўсіх кацянятаў глядзеў як на родных.
Сабака (муж. р.), шчаня / шчанё, сабачаня / сабачанё Вытанчаны сабачка пароды ёркшырскі тэр’ер вагою ў 2 кілаграмы лоўка падскочыў над купаю пяску і дашчэнту выдраў хвост перапалоханаму пеўню.
Грызуны Калі дзеці даймаюць просьбамі набыць хатняга гадаванца, бацькі часта выбіраюць дэкаратыўных грызуноў.
Пацу́к (рус. крыса), пацучаня / пацучанё Пацук – вельмі разумная і кемлівая істота, аднак не ўсе лічаць іх мілымі і прывабнымі.
Мыш, мышаня / мышанё Яшчэ да таго, як у Амерыцы прыдумалі Мікі Маўса, нашы продкі зрабілі мыш адным з галоўных персанажаў сваіх казак.
Дзікая жывёла У Налібоцкай пушчы можна спаткаць шмат дзікіх жывёлаў: нядаўна на лясной дарозе турысты пабачылі нават велізарнага мядзведзя.
Зубр, зубраня / зубранё На сутыку Менскай, Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей, каля самай трасы, стаіць металічная фігура зубра вагою 70 тон, вышынёю 20 і шырынёю 28 метраў!
Воўк (мн. л. ваўкі́), ваўчаня / ваўчанё У адной з аграсядзібаў пад Лагойскам жывуць жывыя ваўкі. А пачалося ўсё з таго, што гаспадар некалі ўратаваў у лесе двух пакінутых ваўчанятаў.
Ліса, лісяня / лісянё Пра сквапных і хцівых людзей кажуць: “Ліса спіць і курэй бачыць”.
Дзік, дзікае парася / парасё Назва самага вядомага рамана Германа Мелвіла па-беларуску гучыць двухсэнсоўна: “Мобі Дзік, ці Белы Кіт”.
Мядзведзь, медзведзяня / медзведзянё У самую вялікую спёку мядзведзю ў менскім заапарку паставілі ванну з вадой, якую ён прымаў на радасць і захапленне наведнікам.
Бярлог (м.р.) / бярлога (ж.р.) Вельмі небяспечна патрывожыць мядзведзіцу ў бярлогу.
Кажа́н (рус. летучая мышь) Кажаны жывуць нават у гарадах і часам залятаюць у кватэры шматпавярховікаў, палохаючы жыхароў.
Казуля (звярніце ўвагу, што не “касуля”) Сустрэць казулю ў беларускім лесе зусім нескладана. Але галоўнае, не сустрэць яе на трасе пры хуткасці 100 км/г.
Заяц (мн. л. зайцы́), зайчаня / зайчанё Зайцы часта ласуюцца капустай і морквай у гародах вяскоўцаў.
Вавёрка (рус. белка), ваверчаня / ваверчанё У гомельскім парку каля палаца Румянцавых і Паскевічаў жывуць вавёркі, якіх можна пачаставаць проста з рукі.
Бабёр, бабраня / бабранё Бабёр мае выбітныя зубы, якімі ён здольны падтачыць і паваліць нават стагадовае дрэва.
Вожык, вожычыха, важаня / важанё Кожным летнім вечарам на падворак вушацкай хаты Рыгора Барадуліна прыходзіла сям’я вожыкаў, якіх народны паэт частаваў малаком ды кашаю. Карціна паўтаралася: роўна а дзявятай з-за рога хаты спачатку асцярожна вызірала вожычыха, а пасля клікала на сытную вячэру сваіх малых важанятаў.
Алень, аленіха, аленяня / аленянё Быў час, калі практычна ў кожнай вясковай хаце на сцяне вісеў знакаміты дыван “з аленямі”. А сёння гэты вінтажны элемент інтэр’ера прадаецца ўжо як рарытэт.
Лось (мн. л. ласі́), ласіха / ласіца, ласяня / ласянё Сустрэць лася на дарозе – не самая вясёлая прыгода.
Тхор / шашок (рус. хорёк), тхараня / тхаранё Калі тхара напалохаць, дык той пачынае смярдзець так, што хоць у бульбу хавайся.
Рысь, рысяня / рысянё Прыгажуню рысь лёгка пазнаць па плямках на футры, вушках-кутасіках і кароткім хвосціку.
Паўзуны і земнаводныя У міфалогіі і фальклоры розных народаў паўзунам і земнаводным часта надаюцца надпрыродныя ўласцівасці, хоць у штодзённым жыцці людзі іх не надта любяць.
Вуж, вужаня / вужанё Вужы і вожыкі ахвотна ласуюцца яйкамі з вясковых куратнікаў.
Гадзюка, гадзяня / гадзянё Каб не пазнаёміцца з гадзюкай, варта хадзіць у лес толькі ў высокіх ботах.
Яшчарка (рус. ящерица) “…Ў такт нячутнаму спеву самкнёныя вусны смяюцца і плачуць. / Вочы змежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе. / Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым… / Добра табе?” (Ул. Караткевіч)
Чарапаха, чарапашаня / чарапашанё Не кожны ведае, што на поўдні нашай краіны водзіцца балотная чарапаха – адзіны ў Беларусі прадстаўнік атрада чарапах.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару:
Звры
Запарк
Сквытаць
Жрабя
Мдзведзяня
2. Выберыце правільны варыянт напісання:
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Клыки –
Существо –
Хищник –
Крыса –
Кролик –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Сысуны –
Асобіна –
Скуголіць –
Кажан –
Тхор –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Чэрапаха –
Гадюка –
Зямнаводныя –
Ласіца –
Берлога –
Граматыка

Прыналежныя прыметнікі

Прыметнікі, якія паказваюць, каму належыць прадмет, называюцца прыналежнымі. У сваю чаргу прыналежныя прыметнікі падзяляюць на ўласнапрыналежныя, якія паказваюць прыналежнасць прадмета пэўнай асобе (Мішаў пакой, Марыліна сукенка) і агульнапрыналежныя, якія паказваюць агульную або родавую прыналежнасць (студэнцкі пакой, птушынае гняздо).

Уласнапрыналежныя прыметнікі маюць розныя суфіксы ў мужчынскім і жаночым родзе, чым адрозніваюцца ад сваіх рускіх эквівалентаў. Для мужчынскага роду гэта суфіксы -оў (-ав-, -ов-, -аў), -ёў (-ев-, -ёв-, -еў): Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Багдановічаў верш. Для жаночага роду — ын, -ін: Марыніны кнігі, Гальчын дзённік. Такім чынам, нават калі маем аднолькавае ці блізкае для мужчыны і жанчыны імя, то ніколі не пераблытаем, каму належыць той ці іншы прадмет, дзеянне ці з’ява: Стасева (Стась) кніга і Стасіна (Стася) кніга, Алесевы (Алесь) прыгоды і Алесіны (Алеся) прыгоды.

Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў трэба таксама памятаць пра чаргаваннi гукаў у корані. Так, к пераходзіць у ч (Валька – Вальчын, матка – матчын); х пераходзіць у ш (Лявоніха – Лявонішын, Ксюха – Ксюшын), г пераходзіць у ж (Інга – Інжын, валацуга – валацужын). Трохі інакш выглядае сітуацыя з прыналежным прыметнікам, утвораным ад імя Вольга, калі замест Вольжын, што адпавядае агульнаму правілу, шырока ўжываецца прыметнік Вользін. Алесь Каўрус у сваёй кнізе “Да свайго слова: пытанні культуры мовы” піша, што варыянт Вользін мог утварыцца на базе формаў давальнага і меснага склонаў (Вользе) – ‘прызначаны Вользе; тое, што пры Вользе’.

Уласнапрыналежныя прыметнікі ў назоўным і вінавальным склонах ужываюцца пераважна ў кароткай форме (татава, а не татавая; маміна, а не маміная), не маюць ступеняў параўнання і не спалучаюцца з прыслоўямі меры і ступені дужа, вельмі, зусім, надзвычай і пад.

Уласнапрыналежныя прыметнікі, утвораныя ад імёнаў і прозвішчаў, пішуцца з вялікай літары: Кастусёў тэлефон, Ірынін падручнік. Калі ж яны ўваходзяць у склад фразеалагізмаў або агульных назваў, то пішуцца з малой літары: ахілесава пята, дамоклаў меч, эзопава мова. Агульнапрыналежныя прыметнікі пішуцца з малой літары: салдацкія боты, вучнёўскі пакой.

Паводле некаторых граматык, прыналежныя прыметнікі з’яўляюцца падвідам адносных прыметнікаў (бо таксама выяўляюць адносіны з нейкім прадметам), але сёння часта яны разглядаюцца як асобныя катэгорыі: Купалавы вершы (прыналежны) і купалаўскія мясціны (адносны). Адносныя прыметнікі звычайна пішуцца з малой літары: коласаўскі стыль, быкаўская проза. Але калі яны ўваходзяць у склад уласных назваў, то пішуцца з вялікай літары: Коласаўская стыпендыя, Нобелеўская прэмія.

Прыналежныя прыметнікі пры пераносна-вобразным ужыванні могуць набываць значэнне адносных або якасных: лісіная нара (агульнапрыналежны), лісінае футра (адносны), лісіныя паводзіны (якасны).

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Утварыце прыналежныя прыметнікі і запішыце іх:
Акуляры дзядулі –
След ваўка –
Ліст цёткі –
Заплечнік Сашы –
Паліто дачкі –

2. Выпраўце памылкі ў прыналежных прыметніках, калі трэба, і запішыце правільныя варыянты:

Ядзвізіна хустка –
Зоськавы бацькі –
Дзядзькаў часопіс –
Коліна кніга –
Жонкаў падарунак –

3. Утварыце прыналежныя прыметнікі ад словаў у дужках і запішыце іх:

(ляснік) хатка
(Коля) сябар
(бусел) гняздо
 (ластаўка) хвост
(Сяргей) загад
(сястра) капялюш
(Наташа) выступ
(жонка) падарунак
(тата) крэсла
(Людка) мяч
(Скарына) біблія
(Мядзведзь) бярлог
Цікавінкі
Хуткамоўкі

На двары стары баран грукаў зранку ў барабан.

Смешкі кошцы, слёзкі мышцы.

Белы бусел баіў байку беламу зайку.

Шэсць мышанят у шалашы шамацяць: “Мама Мышка сушыла шышкі”.

Каток нітак клубок закаціў у куток.

Жвавы вожык жыва жуку пашыў кажух.

Каваль каваў каня, конь кавалю капытом, каваль каню калом.

Мы бачылі бабра, і нам сказаў бобра, што нам будзе добра.

Пад вываратнямі вавёрка ўе вяроўкі вёртка.

Тры сяброўкі, тры вавёркі ўтраіх вілі вяроўкі.

Паслалі сабаку па табаку — ані сабакі, ані табакі.

Ішлі мышы з кірмашу, выйшлі мышы на шашу.

Ліска з лыжкай, мышка з міскай.

 

Калыханкі

А ты, каток шэры,

Ў цябе хвосцік белы.

Прыйдзі, каток, начаваць

I дзіцятка калыхаць.

А ты, коцінька-каток,

Ў цябе шэранькі хвасток.

Ты прыходзь к нам начаваць,

Будзеш Янку калыхаць,

А я шэраму катку

За работу заплачу –

Дам гарлачык малака

I кавалак пірага.

Баю, баіньку, баю.

Не лажыся на краю.

Не лажыся на краёк,

Прыйдзе шэранькі ваўчок.

Цябе схопіць за бачок.

Апсік, апсік, каточак,

Не хадзі ты ў садочак,

I не тапчы кветачак,

I не будзі дзетачак.

Няхай кветачкі цвітуць,

Няхай дзетачкі заснуць.

Люлі, люлі, дзеткі, спаць,

А я буду калыхаць.

Не хадзі, коцік, па пячы,

Буду біць цябе ў плячы,

Не хадзі, коцік, па масту,

Буду біць па хвасту.

Не хадзі, коцік, па лаўцы,

Буду біць па лапцы.

Не мні, коцік, падушкі,

Буду драці за вушкі.

У куце сядзіць мядзведзь,

Хустку вышывае,

А лісічка-невялічка

Хатку прыбірае,

А каток пячэ аладкі,

Маслам падлівае.

Мышанятка жвава, гладка

Катку памагае.

Ой, бычок, мой бысенька,

Залатая лысінка,

Бадучыя рогі,

Тапучыя ногі.

Паціхеньку ты хадзі

І дзіцятка не будзі.

Люлі-люлі, люлі-люль,

Натрос Янка смачных дуль.

Усім даў па дулі:

Дзеду і бабулі.

Мурцы не хапіла,

Хлопчыка прасіла:

“Буду песенькі спяваць,

Буду Яся калыхаць”.

Даў ёй хлебца, малачка.

Легла мурка ля бачка,

Ціхенька спявае,

Дзіця забаўляе,

Люлі-люлі, люлі-люль.

Люлі-люлі,

Дзеткі ўсе паснулі.

Не спіць толькі коця,

Ходзіць па балоце.

Адмарозіў лапку,

Пайшоў грэцца ў хатку.

Недзе коцю дзецца,

Лапачцы пагрэцца.

Палез ён на вышкі,

Там гулялі мышкі.

Так яны спявалі,

Спаткі не давалі…

***

Сядзіць коцік на кухні,

З плачу вочкі папухлі.

Чаго, коціку, плачаш,

Ці не есцейкі хочаш?

— Я есцейкі не хачу,

З бяды-жаласці плачу:

Зіна мядок злізала

І на мяне сказала.

— Зіна, мёду не ліжы,

На коціка не кажы.

 

Сяргей Харэўскі. Свіння

Са зборніка “Звяры-суайчыннікі”

Калісьці ў Беларусі звычайнымі спадарожнікамі чалавека былі віларогія валы, аслы і нават вярблюды, якія па рэгламенту ўдзельнічалі ў магілёўскіх гарадскіх парадах. Хто ж са свойскіх жывёлаў можа быць агульнапрынятым сімвалам Беларусі сёння? Вядома, свіння!

Свінні (Suidae), якія разам з бегемотамі належаць да групы няжвачных сямейства парнакапытных (Perissodactyla), – нязменныя спадарожнікі чалавека на ўсіх кантынентах. Сённяшнія пароды свіней, якія ўражваюць сваёй разнастайнасцю, ад маленькіх зморшчаных японскіх да вялізных гладкіх ёркшырскіх, паходзяць ад міжземнаморскіх, еўрапейскіх і азіяцкіх відаў дзікоў. І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая свіння» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «свіння», гібрыды дзікоў ад часоў неаліту забяспечваюць людзей смачным і далікатным мясам.

Ралан Барт, у сваю чаргу, заўважыў, што мы – па сутнасці тое, што мы ямо. Ці ж выпадкова найбліжэйшы адпаведнік чалавечай крыві паводле хімічнага складу – кроў свойскіх свіней?

Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасці. Навучаныя свінні адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзінніку, складаюць лічбы… Калі Людовік XI, кароль Францыі, занепадаў у меланхолію, нішто не цешыла яго так, як скокі і гульні дрэсіраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды. Парасятаў дастаўлялі са Смаргоні.

У Францыі і па сённяшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляванні» на труфелі. Знайшоўшы труфель, свіння робіць стойку ў чаканні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць свіней на сапраўдным паляванні. Чуццё ў свіней не слабейшае за сабачае. Яны знаходзяць і падымаюць перапёлак, курапатак, глушцоў, трусоў. Праўда, не зважаюць на зайцоў.

Свіння – звычайны жыхар і ў Палінэзіі. Калі першыя палінэзійцы каля 1350 года дасягнулі берагоў Новае Зеландыі, у іхных каноэ, разам з тога, бататам і тара, былі ўсё тыя ж спрадвечныя спадарожнікі – сабакі і свінні. Але з невядомай прычыны свінні ў Новай Зеландыі звяліся. Мо таму, што дагэтуль іх тут не было ніколі. І толькі капітан Кук ці то з-за спачування маоры, ці таму, што быў сапраўдным мараходам, завёз свіней на Паўночную выспу. Паводле звестак, у 1840 г. свінні ў Новай Зеландыі былі ўжо паўсюль.

У Беларусь свінні ніколі не завозіліся. Яны з’явіліся тут разам з чалавекам пасля апошняга ледавіка. З усяе разнастайнасці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 200 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя: літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і белая буйная. Агульнае свіное пагалоўе Беларусі складае каля 2,5 мільёны галоў (2018) – па адной на чатырох беларусаў.

Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму свіння носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзвюх жывёлінаў стае на сям’ю на год. Кішак жа ў свінні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў? Невыпадкова самае вясёлае беларуская свята – Каляды, калі колюць свіней і пхаюць кілбасу.

Ішла свіння пасярод Раства,

Каляда, Каляда.

Нясла кішок парцяны мяшок,

Каляда, Каляда.

Ішла свіння па ляду…

Рассыпала каляду…

Ідзі мішка, пабірай…

Будзе табе каравай…

Беларусь, Каляды і свіння – непадзельныя. Такі парадак.

 

Фота жывёлаў аўтарства фотамастака Сяргея Плыткевіча