Крок 2
Тэма лексікі : Каляндар
Тэма граматыкі : Яканне

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка

Дні тыдня

Слова Прыклад выкарыстання
Панядзе́лак, панядзелкавы Гэтая праца абавязкова мусіць быць здадзеная да панядзелка.
Аўторак Да аўторка павінна вырашыцца пытанне з ад’ездам на адпачынак.
Серада́ (мн. лік – се́рады, у жывой мове ўжываецца таксама націск се́рада). Па серадах я звычайна хаджу парыцца ў лазню.
Чацве́р (звярніце ўвагу, што не “чацверг”!) Цешча прыехала ў нядзелю і сказала, што будзе гасціць у нас да чацвярга.
Пя́тніца (у жывой мове ўжываецца таксама націск пятні́ца) Ад серады да пятніцы ў палацы моладзі праходзіць тэатральны фестываль.
Субота (у жывой мове ўжываецца таксама сыбота) Апроч суботы, усе дні на гэтым тыдні я ўжо заняты.
Нядзе́ля, нядзельны У гэтым месяцы ажно пяць нядзеляў! У нядзельнай школе дзеці вывучалі біяграфію Каліноўскага.
Выходныя/ выхадныя На гэтых выходных плануем выбрацца ў вандроўку па Гарадзеншчыне.

ЗАПОМНІЦЕ!
бел. тыдзень – рус. неделя
бел. нядзеля – рус. воскресенье

 

Месяцы

Слова Прыклад выкарыстання
Сту́дзень (рус. январь), студзеньскі На студзеньскія святы мы паехалі ў “Сілічы” катацца на лыжах.
Лю́ты (рус. февраль), лютаўскі Лютаўскія маразы ў гэтым годзе даходзілі да мінус трыццаці пяці градусаў!
Сакаві́к (рус. март), сакавіцкі Раптоўная сакавіцкая адліга прынесла нечуваную паводку.
Красаві́к (рус. апрель), красавіцкі Красавіцкія заняткі курсаў адбываліся на вольным паветры.
Тра́вень / май, травеньскі / майскі Травеньскі адпачынак на Нарачы надоўга запомніўся сябрам.
Чэ́рвень (рус. июнь), чэрвеньскі Чэрвеньскі рэпертуар тэатра пакінуў Васіля ў роспачы.
Лі́пень (рус. июль), ліпеньскі Ліпеньскі водар кветак быў для Юрася лепей за любую парфуму.
Жні́вень (рус. август), жнівеньскі Жнівеньская касьба нагадвала, што хутка “Дажынкі”.
Ве́расень (рус. сентябрь), вераснёвы Вераснёвыя гастролі гурта “Vuraj” прыцягнулі вялікую ўвагу замежнікаў.
Кастры́чнік (рус. октябрь), кастрычніцкі Кастрычніцкі эканамічны форум традыцыйна сабраў шмат экспертаў, гасцей і журналістаў.
Лістапа́д (рус. ноябрь), лістападаўскі Лістападаўская вандроўка студэнтаў курсаў “Мова Нанова” была запланаваная ў Любчу.
Сне́жань (рус. декабрь), снежаньскі Снежаньскія зніжкі ў крамах сведчылі, што хутка Каляды.

Слова Прыклад выкарыстання
Калянда́р (р. скл. – календара́, д. скл. – календару́, тв. скл. – календаро́м, м. скл. — у календары́) Нехта зрабіў памылку друку, і ў календары ў чэрвені з’явілася трыццаць першае чысло.
Дата / чысло У даце свайго вяселля Валянцін бачыў дзівосны збег лічбаў: 20.10.2010.
Пара́ года / сезон Якая твая любімая пара года?
Дзень / суткі Дзень пры дні, як цень пры авадні (Р.Барадулін).
Ты́дзень (рус. неделя) На гэтым тыдні абавязкова паедзем купацца на возера!
Дэкада (дзесяць дзён) Дызайн праязнога на дэкаду абнаўляецца кожны квартал, каб самыя вынаходлівыя не маглі яго падрабіць.
Месяц Цягам месяца трэба было здаць восем залікаў.
Квартал (тры месяцы) Справаздачу за гэты квартал трэба падрыхтаваць цягам тыдня.
Паўгоддзе У другім паўгоддзі Мікола паабяцаў выправіць свае нездавальняльныя паводзіны ў школе.
Год Гады ў рады (г. зн. рэдка) яны выбіраліся на мора.
Дзесяцігоддзе Мірскі замак аднаўлялі амаль тры дзесяцігоддзі.
Стагоддзе / век У якім стагоддзі была збудаваная гэтая сядзіба?
Тысячагоддзе Не кожнаму пашчасціла пажыць у двух тысячагоддзях!
Каляндарныя (традыцыйныя) свя́ты (рус. праздники) Да нашага часу з традыцыйных святаў найбольш папулярнымі застаюцца Каляды і Купалле.
Гадавое кола / гадавы цыкл / колазварот Гадавое кола нашых продкаў звязвала рытм іх жыцця з рытмам усяго сусвету.
Штодзень – кожны дзень, штодзённы, штодзённік (рус. ежедневник) Штодзённымі лічацца газеты, якія выходзяць прынамсі пяць разоў на тыдзень.
Штотыдзень – кожны тыдзень, штотыднёвы, штотыднёвік (рус. еженедельник) Курсы “Мова Нанова” адбываюцца штотыднёва ў Менску ды іншых гарадах Беларусі.
Штомесяц – кожны месяц, штомесяцовы / штомесячны Людзям з хранічнымі захворваннямі рэкамендуецца здаваць аналізы штомесяц.
Штогод – кожны год, штогадовы Штогадовы кангрэс беларусістаў адбываецца ў Коўне.
Учора (рус. вчера), заўчора / пазаўчора Заўчора з сяброўкаю хадзілі ў кіно на прэм’еру галівудскага жудзіка.
Сёння (рус. сегодня) Сёння ў нашай хаце свята, калі ласка, у нашу хату! (Ул. Някляеў)
Заўтра, паслязаўтра / пазаўтра Пазаўтра сіноптыкі абяцаюць моцную залеву.
Ле́тась – у мінулым годзе, залетась / пазалетась – у пазамінулым годзе Залетась мы не былі на адпачынку ў Рыме, а летась не былі ў Парыжы.
Сёлета – у гэтым годзе Сёлета Міхась хадзіў на рыбу амаль штодня – і насушыў на зіму цэлыя гірлянды карасёў.
Нале́та – у наступным годзе Налета Яраслаў рыхтаваўся паступаць у гімназію з матэматычным ухілам.
Гадаві́на (рус. годовщина), угодкі Пра прыемныя падзеі скажам “гадавіна” (“гадавіна вяселля”), пра непрыемныя – “угодкі” (“угодкі з дня смерці”).

 

Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Чсло
Дкада
Пагоддзе
Сзон
Дзсяцігоддзе
2. Выберыце правільны варыянт напісання:


3. Перакладзіце на беларускую мову:
Годовщина –
В прошлом году (адным словам)  –
Февраль –
Годовой цикл (адным словам)  –
Неделя –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Травень –
Нядзеля –
Парá –
Сакавік –
Заўчора –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Календар –
Стагодзе –
Сьнежань –
Панедзелак –
Штогод –
Граматыка

Яканне – гэта пераход галосных о, э з папярэдняй мяккасцю ў а з папярэдняй мяккасцю ў першым складзе перад націскам, альбо, калі казаць папросту, пераход е, ё ў першым складзе перад націскам у я. У нашай мове гэта не толькі норма вымаўлення, але і норма правапісу.

Звярніце ўвагу на тое, што ў выпадку з часцінкай не і прыназоўнікам без гэтае правіла ў частцы правапісу не працуе. Нягледзячы на тое, што вымаўляць спалучэнні кшталту не быў, не трэба, без жартаў, без нас мы мусім з яканнем (нЯ быў, нЯ трэба, бЯз жартаў, бЯз нас), паколькі не і без не маюць свайго націску, прымыкаюць да знамянальнага слова і фактычна аказваюцца ў пазіцыі перад націскам, яны, паводле сучаснага правапісу, мусяць пісацца з літарай е. Хоць, напрыклад, паводле граматыкі Тарашкевіча і ў сённяшнім класічным правапісе, у такой пазіцыі яны пішуцца з я.

Яканне распаўсюджваецца на ўласнабеларускую лексіку, а таксама на ўласныя назвы славянскага паходжання: вясковы, зямля, няхай, Яфі́м, Яфрэмаў. Аднак яно не адбываецца ў пераважнай большасці запазычанняў з неславянскіх моваў: калектыў, легенда, берэт, метро, а таксама пасля заднеязычных г, к, х: кефір, герой, гербарый. Вылучаецца толькі невялікая група старых адаптаваных запазычанняў з неславянскіх моваў, у якіх развілося яканне: дзяжу́рства, калянда́р, сяржант.

З’яву якання не варта блытаць з выпадкамі, калі я з’яўляецца каранёвым. У такім разе яно захоўваецца незалежна ад націску: ві́цязь, су́вязь, за́яц, яравы́, вяза́ць, ме́сяц, па́мяць і інш. Літара я таксама пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (бо́язь, дро́бязь) і дзеясловаў (ла́яць, ве́яць, се́яць, ка́шляць, ба́яць, му́ляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (ла́янка, ве́ялка, се́ялка).

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Перакладзіце на беларускую мову:

Восемнадцать –
Кедровник –
Медуза –
Мягковатый –
Енот –

2. Выпраўце памылкі, калі трэба:

Мятро –
Берэт –
Сцяпаніда –
Дзевяты –
Лемантаваць –

3. Выбрерыце правільны варыянт:

4. Пастаўце ў множным ліку:

Лес –
Снег –
Цецярук –
Сяло –
Цягнік –

5. Устаўце прапушчаную літару (літары):

фрэйтар
Пцьдзясят
Роўндзь
Срвант
Нмаю грошай
Цікавінкі

Ад панядзелка да панядзелка

Жартоўная застольная народная песня

Прыпеў (2 р.):

Ад панядзелка да панядзелка
Смачна п’ецца нам гарэлка.

Прадамо мы валоў сорак —
Яшчэ вып’ем і ў аўторак.

Прыпеў (2 р.)

Прадамо валоў чароду —
Яшчэ вып’ем і ў сяроду.

Прыпеў (2 р.)

I ў сяроду, і цяпер —
Яшчэ вып’ем і ў чацвер.

Прыпеў (2 р.)

Прадамо бочку пшаніцы,
Яшчэ вып’ем і ў пятніцу.

Прыпеў (2 р.)

Вось закончылі работу –
Яшчэ вып’ем і ў суботу.

Прыпеў (2 р.)

Маем пэўную надзею,
Што пахмелімся ў нядзелю.

Прыпеў (2 р.)

Прымаўкі і прыказкі пра месяцы

СТУДЗЕНЬ
Студзень – году пачатак, а зіме – палавіна.
Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць.
Студзень пагодны – будзе год плодны.

ЛЮТЫ
Прыйдзе люты – спытае, як ты абуты.
Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі.
Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі.
У лютым востры мароз, кароткая зіма.

САКАВІК
Сакавік дрэвам сок пускае.
Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
Сакавік зялёны – ураджай благі.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан.
Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы.

КРАСАВІК
Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою
ківае.
У красавіку грымот – цёплы будзе год.
Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.
У красавіку зямля прэе.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе – тады ўсякі не збяднее.
Красавіцкі ручай зямлю будзіць.
Сонейка з красавіцкай горкі ў лецейка коціцца.

МАЙ / ТРАВЕНЬ
Май – жывёлу ў поле пхай.
Май зямлю грэе, а сіверам вее.
Май – валам дай, а сам на печ уцякай.
Май халодны – год галодны.
Дождж у маі – хлеб будзе і на гультая.
Май – і пад кустом рай.
Мокра ў маі — будуць пышныя караваі.
Майская трава галоднага корміць.
У травень будзе мужык управен.

ЧЭРВЕНЬ
У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.
Чэрвень не гуляе – ураджай люляе.
Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.

ЛІПЕНЬ
Ліпень пякучы, але даручы.
Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.
У ліпені з касой мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.
Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.

ЖНІВЕНЬ
Кожная хата ў жніўні багата.
Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.
Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.
Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.
Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.
У жніўні і верабей піва варыць.

ВЕРАСЕНЬ
Халодны верасень, але сыты.
Верасень – з досвіткам дзень.
У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.
У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.
Як настане верасень – гаспадарам поўна гумно і кішэнь.
Як настаў верасень, дык туман кожны дзень.

КАСТРЫЧНІК
У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю беліць, а лес дык залоціць.

ЛІСТАПАД
Лістапад – вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны.
У лістападзе гола ў садзе.
Лістапад зіме сцежку пракладае.
Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца.
Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца.
У лістападзе кладзі капусту ў кадзі.

СНЕЖАНЬ
Снежань зіму пачынае, а год канчае.
Снежань сцюжны з зімою дружны.
Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве.
Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета.
Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць.

Паходжанне і рэгіянальныя асаблівасці якання

Яканне – варыянт акання, толькі адбываецца яно выключна пасля мяккіх зычных. Як і ў выпадку з аканнем у вузкім сэнсе слова, наконт паходжання якання няма адзінай думкі. Шэраг вучоных лічыць гэтую з’яву вынікам балцкага ўплыву. Іншыя мяркуюць, што з’ява якання пачала развівацца пазней, у XII стагоддзі, пасля таго, як ужо замацавалася аканне. Паколькі яканне стала адлюстроўвацца ў пісьмовых тэкстах толькі пачынаючы з XIV стагоддзя, ёсць таксама меркаванне, што яно ўзнікла ў гэты час.

Сярод усходнеславянскіх моваў яканне сустракаецца ў нашай мове, у шэрагу дыялектаў рускай мовы і зусім невядомае ўкраінскай. У літаратурнай рускай мове замест я ў пераднаціскным складзе вымаўляецца і (мИсной, лИгушка). На тэрыторыі Беларусі, акрамя пераднаціскнога якання, замацаванага як норма літаратурнай мовы (мЯне́, цЯбе́, зЯмля́), сустракаецца таксама поўнае яканне, якое адбываецца ў любым ненаціскным складзе (сЯрада́, ве́цяр, во́сянь – часткова Гродзенская і Менская вобласці), дысімілятыўнае яканне (зЯмлі́, але зІмля́ – Віцебская вобласць) і еканне (мЕне́, цЕбе́, зЕмля́ – Палессе).