Крок 6
Тэма лексікі : Крама
Тэма граматыкі : У нескладовае

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка
Слова Прыклад выкарыстання
Харчовая крама / прадуктовая крама / гастраном Непадалёк дома ў харчовай краме з’явіліся чыпсы ў шакаладзе беларускай вытворчасці.
Гаспада́рчая (рус. хозяйственная) крама У гаспадарчай краме Васілю трэба было набыць рыдлёўку і цвікі.
Будаўні́чая (рус. строительная) крама Кансультант будаўнічай крамы дапамог Яўгену выбраць неабходную сумесь для сцяжкі на балконе.
Мэ́блевая (рус. мебельная) крама У мэблевай краме можна набыць усё – ад зэдліка да велізарнай канапы.
Музычная крама Юны гітарыст часам заходзіў у музычную краму і з сумам пазіраў на дарагія шыкоўныя інструменты.
Спартовая крама Шляхта з раёна апранаецца пераважна ў спартовай краме.
Кветкавая крама Кветкавая крама ў пераходзе пад вакзалам карыстаецца вялікай папулярнасцю ў тых, хто вяртаецца з падарожжаў.
Кніга́рня / кніжная крама У кнігарні “Акадэмкніга” найлепшы ў Менску выбар беларускамоўнай літаратуры.
Крама адзення (рус. одежда) Міхась чакаў жонку пад крамай адзення ўжо трэцюю гадзіну.
Абутковая (рус. обувная) крама / крама абутку Летам у абутковай краме можна знайсці добрыя зніжкі на зімовыя боты.
Гандлёвы дом (рус. торговый дом) Гандлёвы дом “На Нямізе” прыцягвае шмат пакупнікоў дзякуючы багатаму асартыменту і частым зніжкам.
Інтэрнэт-крама Беларускія кнігі і дыскі шукайце ў інтэрнэт-краме www.knihi.by!
Самаабслугоўванне Пры самаабслугоўванні пакупнікі самастойна выбіраюць тавары ў гандлёвай зале, а потым разлічваюцца за ўсё на касе.
Паме́р (рус. размер) адзення, абутку Часта бацькі купляюць дзецям адзенне без іх, проста ведаючы памер.
Прымяра́льня Набраўшы тузін сукенак, Алеся накіравалася ў прымяральню і прабавіла там не менш за паўгадзіны.
Люстэ́рка (рус. зеркало) Станіслаў пільна ўглядаўся ў люстэрка і не мог зразумець, каторае рукаво карацейшае – правае ці левае.
Пасаваць / быць да твару Перамераўшы шмат гарнітураў, Алесь зразумеў, што найбольш яму пасуе малінавы бліскучы строй.
Гатунак (рус. сорт, вид) Сасіскі ў краме былі толькі другога гатунку, і мяса ў іх было яўна няшмат.
Прадавец, прадавачка Прадавачка, узважваючы каўбасу, “выпадкова” клала палец на чашу вагаў.
Рэ́шта (рус. сдача) Калі ў Веранікі быў добры настрой, яна ўвогуле не забірала ў кавярні рэшту.
Разлічвацца (рус. рассчитываться) / плаціць Забыўшы дома гаманец, Віка была вымушана разлічыцца карткаю.
Безнаяўны (рус. безналичный) разлік Установы і фірмы звычайна набываюць патрэбныя рэчы па безнаяўным разліку.
Ная́ўныя (рус. наличные) грошы / гатоўка З тэрміналам для картак узніклі праблемы, і Алена вырашыла расплаціцца наяўнымі.
Аддзел: садавіны, гародніны, мясны, малочны ды інш. У мясным аддзеле напярэдадні выходных асаблівай папулярнасцю карысталіся шашлыкі і кілбаскі.
Распродаж (муж. род) На калядным распродажы можна было прыдбаць падарункі сямейнікам па выгадным кошце.
Зніжка / скідка 25 адсоткаў / працэнтаў Частка тавараў была на зніжцы, бо засталася без упакоўкі або была знятая з вітрыны.
Цэннік, цэ́тлік (рус. ярлык) Пакупніца ўважліва вывучала цэтлік, бо набывала заўжды толькі натуральныя прадукты.
Цана, кошт, вартасць (рус. стоимость) Пад канец жніўня кавуны моцна знізіліся ў кошце і сталі карыстацца асаблівым попытам.
Дорага, задорага / занадта дорага Тоня набыла імбрык у краме, а як зірнула ў інтэрнэт-краме, зразумела, што купіла яго задорага!
Та́нна (рус. дешево), затанна / занадта танна Чарэшні каштавалі аж так танна, што Валянцін, не раздумваючы, узяў два вядры.
Чэк Мечыслаў добра ведаў правы спажыўцоў і ў краме заўжды патрабаваў чэк.
Грошы (рус. деньги) Лізавета шкадавала, што не стае грошай на чырвоную сукенку, якая так ёй глянулася.
Гамане́ц / кашалёк / партманет Алесь думаў зайсці паглядзець зімовыя боты, але ж у гаманцы бракавала грошай.
Ашчаджаць / эканоміць Каб ашчадзіць грошы, сям’я ездзіла закупляцца на Камароўку.
Чарга́ (рус. очередь) Анатоль не любіў хадзіць па крамах, бо не выносіў стаянне ў чарзе.
Ка́са На касе высветлілася, што ў аддзеле ў каробку паклалі туфлі рознага памеру.
Касірка, касір Касірка папрасіла апошняга папярэдзіць, каб за ім болей не займалі чаргу.
Ва́гі / вага́ (рус. 1. весы, 2. вес), узважваць (рус. взвешивать) Вагі паказалі ажно тры кілаграмы, і Кастусь засумняваўся, што гэтая вага правільная.
Абгортка / упакоўка Рыта не любіла цукеркі ў абгортцы з фольгі, бо іх было нязручна есці ў тэатры.
Лядоўня / халадзільнік У спёку санстанцыя асабліва пільнавала, каб малочныя прадукты ў крамах захоўваліся ў лядоўні.
Вітрына, прылавак, стэлаж На стэлажы было столькі гатункаў чыпсаў, што Арцём доўга думаў, каторыя ўзяць.
Торба (рус. сумка) / ка́йстра, пакет Каб штораз не набываць пакет, Таня хадзіла ў краму са сваёй кайстраю.
Кошык (рус. корзинка) Аднойчы Настасся забылася ды пайшла з крамы проста з кошыкам — так яна займела дома незвычайны сувенір.
Вазок (рус. тележка) Вазкі ў гіпермаркеце былі вельмі зручныя — туды можна было і пасадзіць дзіця, і пакласці тавары.
Гандаль (рус. торговля): раздробны (рус. розничный) / ураздроб, аптовы / гуртавы́ Сетка крамаў “Еўраопт” спачатку займалася толькі гуртавым гандлем, але пасля перайшла і на гандаль ураздроб.
Гандлёвая за́ла (жан. род!) Аддзел “Віно-гарэлка” ліквідавалі, і гандлёвая зала ў краме павялічылася ўдвая.
Шыльда (рус. вывеска) На новай шыльдзе на краме Алеся знайшла ажно тры памылкі.
Адчынена / адкрыта, зачынена / закрыта У летні час крама на рагу была адчынена ажно да адзінаццатай гадзіны.
Перапынак (рус. перерыв) Кася дужа спяшалася ў краму, але там, як на злосць, быў тэхнічны перапынак.
Ахоўнік (рус. охранник) Ахоўнік сачыў за Лёксам, як каршун, што вельмі нервавала хлопца.
Відэаназіра́нне (рус. видеонаблюдение) Пасля таго, як у краме ўсталявалі відэаназіранне, Дзяніс больш не мог вольна дэгуставаць арэхі і сухафрукты.
Грузчык Коля працаваў у гастраноме грузчыкам, але дзяўчатам адрэкамендоўваўся як менеджар па лагістыцы.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Цна
Кашлёк
Гручык
Прлавак
Зніка
2. Выберыце правільны варыянт напісання

3. Перакладзіце на беларускую мову:
Тележка –
Безналичные –
Сдача –
Ярлык –
Весы –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую
Крама –
Гандлёвы –
Гатоўка –
Гаманец –
Люстэрка –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Відэаназеранне –
Гандль –
Ураздроб –
Разьлічвацца –
Прымеральня –
Граматыка

У нескладовае

Ў – гэта літара, якая абазначае зычны гук і пiшацца, згодна з беларускiм лiтаратурным вымаўленнем, толькі пасля галосных.

У → Ў
У чаргуецца з Ў у пачатку слова: сонца ўзыдзе, хацела ўзяць, ва ўніверсітэце. Пасля двукосся і злучка ў будзе ў адпаведнай пазіцыі захоўвацца, паколькі ні двукоссе, ні злучок (а таксама квадратныя дужкі) – не знакі прыпынку: супрацоўнікаў “Аліварыі” ўзнагародзілі паездкай у санаторый, жанчына-ўрач. Дарэчы, такі папулярны цяпер :) смайлік усё ж лічыцца знакам прыпынку, і пасля яго у не скарачаецца.

У сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі у звычайна таксама пераходзіць у ў: паўза, фаўна, саўна, аўкцыён.  Трэба запомніць, што у не пераходзіць у ў у запазычаных словах, якiя заканчваюцца на -ум, -ус: акварыум, атрыум, радыус, страус, соус i вытворных ад iх. У складовае таксама захоўваецца ў запазычаннях, калі стаіць пад націскам: Люблінская у́нiя, беларускі у́зус, новыя у́нты, тэýрг, дэміýрг. У канцы запазычаных слоў ненацiскное у таксама не скарачаецца: ток-шоу, Бернард Шоу, фрау. У пачатку геаграфічных назваў і ўласных імёнаў ужываецца толькі вялікая літара У: ва Украіне, да князя Усяслава. Выключэнне складаюць уласныя назвы кшталту Галерэя “Ў”.

Калі ж усю назву мы запісваем вялікімі літарамі, то тут будуць дзейнічаць агульныя правілы: БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ. А вось у літарных ці гукавых абрэвіятурах У скарачацца не будзе: РУУС, БДЭУ (але саўгас, Саўмін).

У паэтычнай мове ўжыванне ў можа не адпавядаць агульнаму правілу ў выпадку, калі нясе фанетыка-інтанацыйную нагрузку, а таксама для захавання рытму і рыфмы. Напрыклад, у паэме “Курган” Янкі Купалы бачым:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі, –
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося….

В → Ў

Ў можа таксама ўтварацца на месцы этымалагічнага в: грыва – грыўка, крыві – кроў, любові – любоў, Аўстрыя, Каўказ. Выключэнні складаюць геаграфічныя назвы, дзе в захоўваецца: у В’етнаме, войска В’етконга, рака Влтава.

Л → Ў

Нескладовае ў таксама можа ўтварацца з этымалагічнага л у канцы слова і перад зычнымі гукамі: была – быў, чытала – чытаў, поўны, коўзкі, воўк, шоўк. Але тут трэба запомніць, што л ніколі не пераходзіць у нескладовае ў:

  • на канцы назоўнікаў мужчынскага роду назоўнага склону адзіночнага ліку: стол, кол;
  • на канцы назоўнікаў жаночага роду роднага склону множнага ліку: школ, скал;
  • у сярэдзіне слова, калі можа з’явіцца беглы галосны: галка – галак, палка – палак;
  • у словах іншамоўнага паходжання кшталту салдат, балкон, Алжыр.
Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару:

Багарыя
Опім
Но-хау
Па-краінску
Да ніята

2. Перакладзіце на беларускую мову:

Страус -
Фауна -
Колхоз -
Женщина-уролог -
Колпак -

3. Устаўце патрэбную літару:

Вакум
Ранд
Крыкі “ра”
Бура-раган
Бал

4. Выпраўце памылкі, калі трэба:

Паўза
Тайм-аут
Каля ўрны
Здаць ва утыль
Натарыус
5. Выберыце правільны варыянт:

Цікавінкі

Ці ўнікальная літара ў?

Ў, або “у нескладовае” ці “у кароткае” – унікальная літара беларускага алфавіта. Гэтую ўнікальнасць, канечне, можна аспрэчыць, паколькі дакладна такая самая літара ёсць, напрыклад, ва ўзбекскім кірылічным алфавіце. Таму адзначым, што сярод славянскіх моваў яна сапраўды адна-адзіная. Гэта ўнікальнасць і была падкрэслена ў 2003 г., калі ў Полацку з’явіўся помнік літары ў.

Упершыню ў сучаснай беларускай мове літара ў з’явілася ў ХІХ стагоддзі, прычым у сваім лацінкавым варыянце — ŭ. Адным з першых яе ўжыў Ян Чачот у сваёй вершаванай брашуры «Da milych mužyczkoú» (1846 г.), але ў гэтым выданні яна выглядала як u з рыскай — ú. Ў сустракаецца таксама ў тэкстах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. І толькі ў Францішка Багушэвіча яна набывае свой сучасны выгляд— ŭ (у кракаўскім выданні «Dudka Białaruskaja», 1891). Кірылічная літара была прапанаваная ў 1870 г. філолагам Пятром Бяссонавым, які з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. Яна, напрыклад, з’явілася ў вершы Аляксандра Ельскага «Сынокъ! Разсказъ зъ праўдзиваго здарэння… 1895 року». І толькі дзесьці напрыканцы першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя літару ў пачалі ўжываць у беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна.

Ці значыць гэта, што да ХІХ стагоддзя гук [ў] быў невядомы нашай мове? Канечне ж не! Гэты гук фіксуецца яшчэ ў старабеларускіх тэкстах (а таксама ў кітабах), праўда асобнай літары для яго перадачы не існавала, тады ён перадаваўся праз в, л, у, (вжо, прышовъ, вслышалшы, по узгоркохъ).

У 2010 г. былі ўведзеныя змены ў правілы беларускай арфаграфіі, якія закранулі і правапіс літары ў. Дарэчы, у выніку літара ў пачала ўжывацца часцей, чым раней.

“Станцыя “У нескладовае”

(cловы і музыка да песні Рамана Арлова, пры ўдзеле Аляксандра Памідорава)
Аксамітна-блакітная новая станцыя
Так заўсёды бывае. Калі ўсё пачынаецца
Час сустрэцца, мой сябра, і час развітацца
Будуць новыя лініі. На далонях і пальцах

Прыпеў

Станцыя “У нескладовае”
Вось маршрут табе і мне
Станцыя “У нескладовае”;
Мы з табой на адной вайне

Мы згубіліся недзе. Здаецца – усё страчана
Мы героі учорашніх дзён
Толькі ўсё-ткі наперадзе новая станцыя
Калі не пойдзе цягнік пад адхон

Прыклады тавараў і шыльдаў, аздобленых па-беларуску.

Фота ўзятыя з суполкі фэйсбука “Беларуская мова на спажывецкім рынку”.