Крок 12
Тэма лексікі : Горад
Тэма граматыкі : Састарэлыя словы
Лексіка

 

Слова Прыклад выкарыстання
Гарадская прастора, асяроддзе Гарадская прастора Менска не дужа прыдатная для перасоўвання на ровары.
Раён, квартал У Фрунзенскім раёне Менска вельмі не хапае паркаў.
Мапа / карта Спрактыкаваныя турысты не звярталіся да прафесійных гідаў, бо і самі добра арыентаваліся па мапе і склалі вельмі ўдалы маршрут для агляду горада.
Вуліца, праспект, плошча / пляц, завулак (рус. переулок), бульвар, квартал, скрыжава́нне (рус. перекрёсток), тупік / глухая вуліца / глухі канец Я буду цябе чакаць на рагу вуліц Касцюшкі і Каліноўскага (рог = вугал). Вечарамі, калі адключаліся святлафоры, гэтае скрыжаванне рабілася даволі небяспечным. Чырвоны касцёл — галоўнае ўпрыгожанне Плошчы Незалежнасці.
Мост, узбярэ́жная / набярэ́жная Можна пераехаць цераз мост на трамваі, а можна прайсці па мосце пехатой і палюбавацца ракою.
Дом / будынак / буды́ніна / пабудова / гмах (высокі будынак) / спаруда (рус. громадина) / хмарачос (рус. небоскреб) Старыя будынкі ў цэнтры горада імкліва затуляюцца шклянымі гмахамі. Хмарачос “Ветразь” — самы высокі жылы будынак у Менску. Спаруда каля бібліятэкі падабаецца мала каму з гараджанаў.
Двор – 1. тэрыторыя каля дома (у дварЫ); 2. вольнае паветра (на дварЭ) У нашым двары паставілі новыя лавы, цяпер можна пасядзець на дварэ летнімі вечарамі.
Альта́нка (рус. беседка) У гарадскіх парках бракуе альтанак і лавак для адпачынку.
Сабор, храм Цяперашні сабор Святога Духа ў Менску — былы касцёл бернардынак XVII стагоддзя. Традыцыйна самыя старыя будынкі ў горадзе – храмы, якія ацалелі нават у жорсткіх войнах.
Касцёл, царква́, мячэць, сінагога У колішняй сінагозе цяпер размяшчаецца тэатр імя Максіма Горкага. Самы стары будынак Менска – Петрапаўлаўская царква на Нямізе.
Манастыр / кля́штар (каталіцкі манастыр) Кляштар картузіянак у Бярозе — трэці па велічыні ў свеце, які належаў гэтаму манаскаму ордэну.
Музей, тэатр, кінатэатр, галерэя, кансерваторыя, канцэртная зала (жан.р.!) У музеі яны пабачылі выставу Валенція Ваньковіча, а ў канцэртнай зале іх чакаў канцэрт з твораў Манюшкі і Агінскага. “Галерэя Ў” — адно з найцікавейшых месцаў у Менску, дзе можна пабачыць творы сучаснага мастацтва.
Парк, сквер, сад, алея / прыса́ды Шпацыраваць па цяністых прысадах батанічнага саду – суцэльная асалода ў такую спёку!
Атракцыёны, горкі, арэлі / гушкалкі (рус. качели), каруселі У двары ўсталявалі колькі новых арэляў для дзетак.
Гарадская скульптура, помнік, стэла / абеліск Скульптура “Дзяўчынка з парасонам” паблізу вакзала створана Уладзімірам Жбанавым.
Цырульня (рус. парикмахерская), лазня (рус. баня), рамонт абутку, атэлье, дом быту, выраб ключоў, грамадская прыбіральня / туалет Танна, якасна і хутка зробім вам рамонт абутку! Яўген асабліва любіў наведваць лазню на вуліцы Мар’еўскай, бо на фасадзе там так і было напісана: “Лазня”. Замест звычайнай цырульні Святлана наведвала салон прыгажосці “Фабрыка мрояў” на вуліцы Змітрака Бядулі.
Кавярня, піцэрыя, пірожня, рэстарацыя / рэстаран, стра́ўня Тым вечарам яны доўга не маглі зрабіць выбар паміж грунтоўнай вячэрай у рэстарацыі “Камяніца” і кавай з прысмакамі ў кавярні “Грай”.
Пошта / паштамт (галоўная пошта горада), банк, пункт абмену валют / абменнік (гутарк.) На пошце пад вечар утваралася даўжэзная чарга, таму Мікалай зазвычай адпраўляў пасылкі на паштамце.
Завод, фабрыка, прадпрыемства (рус. предприятие), установа (рус. учреждение) Усе сваякі Мікіты працуюць на фабрыцы па вытворчасці парасонаў. Дзяржаўныя ўстановы атаясамляліся ў Адэлі з бясконцымі чэргамі.
Аптэка, лякарня / шпіталь / бальніца, паліклініка, радзільня / радзільны дом Найстарэйшая дзейная аптэка ў краіне знаходзіцца з левага боку ад Фарнага касцёла ў Гародні.
Могілкі (рус. кладбище) Брама Кальварыйскіх могілак у Менску занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Стадыён, арэна, спартовая зала У спартовай зале школы заняткі адбываліся, калі ішоў дождж і ў халодную пару года.
Рака, возера, сажалка (штучна створаны вадаём, рус. пруд), фантан Фантан у скверыку ля Купалаўскага тэатра ў Менску быў адкрыты ў 1874 годзе ў сувязі з пускам вадаправоду ў горадзе.
Крама: харчовая (рус. продуктовая), кнігарня / кніжная крама, гаспадарчая (рус. хозяйственная), заалагічная, мэблевая, музычная Дзе тут найбліжэйшая харчовая крама, ці ў правільным кірунку я іду? Віялета часта заходзіла ў музычную краму, бо прыглядала брату гітару на дзень народзінаў. Лявон часам заходзіў у мэблевую краму, сядаў на трон вытворчасці “Пінскдрэва” і адчуваў сябе каралём.
Супермаркет, гіпермаркет, гандлёвы (рус. торговый) дом, рынак, кірма́ш (рус. ярмарка) Гандлёвы дом “На Нямізе” ў апошнюю гадзіну працы дае кліентам зніжку 2%.
Вакзал, прыпынак, станцыя, квіток / білет, жэтон Каб праехаць тры прыпынкі аўтобусам, а потым яшчэ два трамваем, давялося набываць два квіткі.
Аўтобус, тралейбус, метро, трамвай, таксоўка / таксі, маршрутка Часам на таксоўцы даехаць да цэнтра горада выходзіць нават даўжэй, чым на метро.
Славутасці / славутыя мясціны, помнікі архітэктуры, помнікі прыроды У Гародні захавалася каля 800 помнікаў архітэктуры – пятая частка ад агульнай колькасці па Беларусі!
Гатэль / гасцініца / хостал (танны гатэль), нумар / пакой, ліфт, калідор Каб гатэль лічыўся пяцізоркавым паводле еўрапейскіх мерак, у ім павінны быць верталётная пляцоўка і басейн.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Абліск
Атэле
Архітктура
Хостл
Каідор
2. Выберыце правільны варыянт напісання:
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Беседка –
Баня –
Католический монастырь (адным словам) –
Качели –
Кладбище –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Мапа –
Цырульня –
Установа –
Славутыя мясціны (адным словам)–
Скрыжаванне –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Асяродзе –
Прашпект –
Лекарня –
Атракцыон –
Пірожня –
Граматыка

Састарэлыя словы

Састарэлыя словы – гэта не абавязкова самыя старыя словы ў мове. Часта наадварот. Як гэта ні дзіўна, самыя старыя словы якраз не старэюць стагоддзямі: дом, нос, людзі, доктар, рука, вечар, вясна, дрэва, снег, лес, балота і г.д. Гэта тлумачыцца тым, што яны служаць назвамі неабходных нам паняццяў, якія існавалі раней і працягваюць існаваць таксама сёння. А вось словы, якія называюць прадметы, што па нейкай прычыне выйшлі з нашага ўжытку, звычайна знікаюць разам з гэтымі прадметамі (парабак, асьміна, прыстаў, вярста, пішчаль, кальчуга, латы). Такія словы называюць гістарызмамі. Прычыны іх узнікнення: змены ў побыце народа, развіццё навукі, тэхнікі, адукацыі, культуры. Ці могуць быць у гістарызмаў сінонімы ў сучаснай мове? Натуральна, не.

Аднак ёсць выпадкі, калі прадмет ці рэалія, здавалася б, працягваюць існаваць, а вось іх назвы чамусьці “трапляюць у няласку”, выцясняюцца іншымі, больш сучаснымі словамі (замест чало – лоб, замест рамёны – плечы, замест ратай – араты). Такія вось словы называюцца архаізмамі. Усе яны маюць адпаведнікі ў сучаснай мове.

У савецкія часы (ды і цяпер, праўдападобна, сітуацыя не шмат змянілася), праўда, на шмат якія самабытныя беларускія словы афіцыйныя лінгвісты навесілі цэтлік “архаізмы”. Патлумачыць гэта надзвычай проста: гэтыя словы вельмі далёкія ад сваіх рускіх эквівалентаў. А гэта, як той казаў, непарадак. Гаворка ідзе пра такія выпадкі, як кісліна (кіслата), кляштар (манастыр), іспыты (экзамены), печыва (пячэнне), рабунак (грабёж) і інш. Праўда, гэтыя словы, хацела б таго ці не афіцыйная філалогія, вяртаюцца ва ўжытак сучасных беларусаў, якія хочуць пазбегчы выкарыстання русізмаў. Вось такі парадокс!

А навошта нам гістарызмы і архаізмы ў прынцыпе, і дзе іх можна сустрэць сёння? Вядома ж, у гістарычных даследаваннях, а таксама ў мастацкай літаратуры, прысвечанай апісанню падзеяў мінулых часоў. Дарэчы, хто з аўтараў увёў у беларускую літаратуру вялікую колькасць гістарызмаў? У першую чаргу, канечне, Уладзімір Караткевіч. Існуе папулярная думка пра тое, што персанажы гістарычных раманаў павінны гаварыць так, як патрабуе таго тая эпоха, у якую яны дзейнічаюць. Ці ж гэта магчыма? Мабыць, не, бо калі б персанажы падобных раманаў сапраўды ўжывалі лексіку выключна тагачасных эпох, пасля першай жа старонкі сярэднестатыстычны чытач закінуў бы такую кніжку куды падалей. Не кожны ж гатовы чытаць забаўляльную літаратуру, узброіўшыся дзясяткамі тамоў слоўнікаў гісторыі мовы.

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Назавіце адным словам (гістарызмам):
Мера вагі ў прыкладана 16 кг -
Невялікае сельскае паселішча ў 1—5 двароў -
Халодная зброя даўжынёй у 3-4 метры -
Дошка ці пліта з напісаным на ёй старажытным тэкстам, свяшчэнным ці культавым -
Вялікая дарожная карэта -
2. Падбярыце сучасныя сінонімы да наступных архаізмаў:
Ядваб -
Палясоўшчык -
Каморнік -
Грабар -
Дзясніца -

3. Падбярыце сучасныя сінонімы да наступных архаізмаў:

Чало -

Рамёны -

Атрамант -

Адродак -

Чарніца -

4. Як называлася гэтая адзінкі вымярэння ў даўнія часы?

Мера даўжыні, роўная 71 сантыметру -

Старая мера аб'ёму сыпкіх рэчываў, роўная палове чвэрці ці 1/8 бочкі (каля 105 літра) -

Мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная 0,7 літра -

Мера вагі, роўная 374,82 грамы -

Мера даўжыні, роўная 1559,7 метраў -

5. Падбярыце сінонімы да наступных словаў:
Напой –
Дойлід –
Паходня –
Вакацыі –
Прастакутнік –
Цікавінкі
Калі заснаваны Менск?

Першая згадка ў летапісе сягае 3 сакавіка 1067 года, калі адбылася бітва на Нямізе. Дарэчы, гэта была нядзеля.

У “Аповесці мінулых часоў” (канец ХІІ ст.) пра гэта пішацца:

“На Нямізе галовы сцелюць снапамі, 

Харалужнымі малоцяць цапамі, 

жыццё кладуць на таку злюцела, 

веюць душу ад цела. 

Нямігі крывавыя берагі 

не збожжам былі засеяны зноў — 

засеяны касцьмі рускіх сыноў”.

Які будынак у Менску самы стары?

Петрапаўлаўская царква на Нямізе, збудаваная каля 1613 года. Гэта адзіны будынак тых часоў, які захаваўся цалкам. Аднак некаторыя будынкі (напр., кляштар базыльянаў, дамы на вуліцы Камсамольскай) захавалі пэўныя часткі той самай ці нават ранейшай пары. Увогуле ж, самая старая пабудова ў горадзе – гэта падмуркі царквы ХІ ст. (пачатак будовы – каля 1069 года) на Замчышчы на Нямізе.

Калі Менск атрымаў Магдэбургскае права?

14 сакавіка 1499 года. Дарэчы, гэта быў аўторак. Магдэбургскае права — права горада на самакіраванне, адзнака еўрапейскасці. У Беларусі такое права мелі больш за 60 гарадоў і мястэчак.

А калі пабудавалі ратушу?

Першая ратуша як неабходны атрыбут горада з Магдэбургскім правам з’явілася каля 1582 года, а будынак сённяшняга выгляду – у канцы XVIII ст. У 1857 ратушу зруйнавалі на загад расейскага цара, аднавілі толькі ў 2005 годзе на старых падмурках.

Лявон Вольскі. Менск і Мінск

Дарагія мінчане і госці сталіцы,

Я хачу з вамі думкай сваёй падзяліцца,

Карацей, гэта дзіўна, але сэ ля ві,

Мы ў сталіцы жывем нібы на дзве сям’і.

 

Мы жывем адначасова ў двух гарадах –

Падваенне асобы зрывае нам дах.

Дык няўжо ж нам ніколі не склеіць, не сшыць

Менск і Мінск – дзве паловы сталічнай душы?..

 

Горад Менск – першы горад з тых двух гарадоў –

Не пабачыш на мапах сучасных гадоў,

Ён у сэрцы жыве, ён жыве ў галаве

Шмат каго, хто ў горадзе Мінску жыве.

 

А ў тым Мінску прапіска і гарвыканкам,

І Лядовы палац, і бетонны паркан,

Зруйнаваных дамоў цені прывідныя,

І дзяцінства майго праляцелыя дні…

 

Мы жывем адначасова ў двух гарадах –

Падваенне асобы зрывае нам дах.

Дык няўжо ж нам ніколі не склеіць, не сшыць

Менск і Мінск?..

 

Ёсць у Мінску назовы бязрадасныя,

Ёсць Калектарная, а ёсць Базісная –

Тут народ забяспечвае правільны наш

Выкананне задачы пастаўленае.

 

А па Менску прыемна шпацыраваць:

Дробных крамак вітрыны ўтульна гараць,

Там гатычныя вежы касцёлаў старых,

Там дахоўка і брук, там двары і муры…

 

Мы жывем адначасова ў двух гарадах –

Падваенне асобы зрывае нам дах.

Дык няўжо ж нам ніколі не склеіць, не сшыць?..

 

Усё блытаецца ў Мінску: хлеб і маца,

І Вялікі Кастрычнік, і Радаўніца,

І п’яная сляза і такая папса,

Што ратунку не дасць ні “Мезім”, ні “Упса”…

 

Толькі з Менскам нічога няможна зрабіць,

Немагчыма яго зруйнаваць, захапіць.

Ён ніколі, твой Менск, не згніе, не згарыць,

Будзе мовай тваёю з табой гаварыць.

 

Мы жывем адначасова ў двух гарадах…

Мы жывем адначасова ў двух гарадах…

 

Старыя фота Менска