Крок 15
Тэма лексікі : Экалогія
Тэма граматыкі : Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

Увага! Старонка працуе ў тэставым рэжыме. Заўважаныя недакладнасці, калі ласка, дасылайце на movananova.by@gmail.com.

Лексіка
Слова Прыклад выкарыстання
Навакольнае асяроддзе (рус. окружающая среда) Маніторынг стану навакольнага асяроддзя з’яўляецца першым складнікам мерапрыемстваў па яго ахове.
Спрыяльны (рус. благоприятный), неспрыяльны Змены клімату ў Беларусі не самыя спрыяльныя для развіцця сельскай гаспадаркі.
Забруджванне (працэс) / забруджанне (вынік,  рус. загрязнение) Забруджанне гарадоў зашкальвае. Забруджванню спрыяюць шматлікія фабрыкі і заводы, транспарт, перанаселенасць.
Насту́пствы (рус. последствия) Сучасны чалавек усвядоміў наступствы прагрэсу, але не надта спяшаецца развітацца з яго выгодамі на карысць захавання прыроды.
Захаванне (рус. сохранение) клімату У сучасным свеце праблема захавання клімату ўжо не з’яўляецца выключна праблемай навукі.
Прадухіле́нне (рус. предотвращение) зменаў клімату Сітуацыя пачне вырашацца тады, калі ўсе краіны свету будуць не толькі прэзентаваць свае праграмы прадухілення глабальных зменаў клімату, але і ажыццяўляць іх.
Устойлівае развіццё – гарманізацыя працэсаў развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу і грамадства У нацыянальных праграмах устойлівага развіцця бяруць удзел не толькі прыродаахоўныя арганізацыі, але і сацыяльна-культурныя.
Экалагічныя: лад жыцця (рус. образ жизни), транспарт, рух (рус. движение), след, менеджмент, турызм, бяспека (рус. безопасность), арганізацыя, сістэма, права Турыстаў у Нясвіжы возіць электробус – надзвычай экалагічны від транспарту! Экалагічны лад жыцця робіцца ўсё больш папулярным між беларусаў.
Якасць жыцця (рус. качество жизни) Стан навакольнага асяроддзя з’яўляецца адным са складнікаў паняцця якасці жыцця.
Прыродаахоўны (рус. природозащитный) Прыродаахоўная дзейнасць прываблівае ўсё болей моладзі, бо экалагічная свядомасць новага пакалення даволі высокая.
Бяспека (рус. безопасность): хімічная, радыяцыйная і інш. Для нашай краіны пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС застаецца актуальнай праблема радыяцыйнай бяспекі.
Ашча́дны / беражлівы Штогод ва ўсім свеце праводзіцца шмат акцый і флэшмобаў, якія маюць на мэце навучыць людзей больш ашчадна карыстацца рэсурсамі планеты.
Біяразнастайнасць (рус. биоразнообразие) – разнастайнасць жыцця ва ўсіх яго праявах, паказальнік складанасці біялагічнай сістэмы Біёлагі сцвярджаюць, што наданне статусу заказніка пэўнай тэрыторыі значна павялічвае яе біяразнастайнасць.
Прыродныя рэсурсы: узнаўляльныя (рус. возобновляемые), вычарпальныя (рус. невозобновляемые) Некаторыя віды вычарпальных рэсурсаў не застануцца нават нашым унукам.
Празмернае выкарыстанне (рус. чрезмерное использование) рэсурсаў Тое, з якой хуткасцю мы “абрастаем” рэчамі, спрыяе празмернаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў. Набывайма разумна!
Альтэрнатыўная энергетыка: сонечная, ветравая, біялагічная – няшкодныя для навакольнага асяроддзя спосабы атрымання і выкарыстання энергіі Па ўсёй краіне з’яўляецца ўсё больш ветракоў і сонечных батарэй, хоць да поўнага пераходу да альтэрнатыўнай энергетыкі нам яшчэ далёка.
Ветраэнергетычная ўстаноўка / вятра́к – устаноўка па выпрацоўцы альтэрнатыўнай энергіі, якая выкарыстоўвае сілу ветру Вакол Наваградка ветракі растуць бы грыбы!
Біяпаліва (рус. биотопливо) – паліва з жывёльнай ці расліннай сыравіны або з прамысловых адкідаў У нашай краіне распачатае выкарыстанне адкідаў дрэваапрацоўчай вытворчасці для атрымання эфектыўнага біяпаліва.
Энергазберагальны Вялікай папулярнасцю цяпер карыстаюцца энергазберагальныя лямпачкі, бо яны ашчаджаюць не толькі энергію, але і сямейны бюджэт.
Адкі́ды (рус. отходы): прамысловыя, сельскагаспадарчыя, хімічныя, радыяцыйныя, біяраскладальныя (рус. биоразлагающиеся), адкіды спажывання (рус. потребления) і інш. Шкодныя адкіды прадпрыемства цішком злівала проста ў Свіслач!
Шкодны (рус. вредный) Для многіх краін-карыстальніц атамнай энергіі па-ранейшаму востра стаіць праблема ўтылізацыі шкодных радыяцыйных адкідаў.
Інтэнсіўная сельская гаспадарка (рус. сельское хозяйство) Рэгіёны, дзе вядзецца інтэнсіўная сельская гаспадарка (ёсць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, глебы атручаныя тонамі хімічных угнаенняў і г.д.), не могуць прэтэндаваць на званне экалагічна чыстых.
Другасная сыраві́на (рус. вторичное сырье) Традыцыйнымі відамі другаснай сыравіны ў нас з’яўляюцца макулатура, шкло, пластык ды тэкстыль.
Смецце, смеціць, сметніца (рус. мусор, мусорить, мусорка) Вакол Менска арганізаваныя некалькі гарадскіх сметніц, дзе вялікая колькасць смецця ўтварыла сапраўдныя горы, якія здалёк можна прыняць за гарналыжны курорт.
Сартаванне / раздзельнае збіранне смецця / асобны збор смецця Практычна ў кожным менскім двары паставілі кантэйнеры для асобнага збору смецця. Аднак скептыкі кажуць, што бачылі, як усё гэта пасля скідаецца ў адну кучу і вывозіцца на агульную сметніцу.
Перапрацоўка (рус. переработка) Перапрацоўка ста кілаграмаў макулатуры ратуе ад знішчэння адно дрэва.
Гарадское асяроддзе – прыродныя і створаныя чалавекам умовы пражывання ў горадзе, якія вызначаюць узровень і якасць жыццядзейнасці яго насельнікаў У сучасным гарадскім асяроддзі модна быць экалагічным: не смеціць у парках, хадзіць у краму з торбай з тканіны, ездзіць на працу на ровары ды выкідаць скарыстаныя батарэйкі ў адмысловыя скрынкі, што ставяць у спецыялізаваных крамах. І файна, што такая мода з’явілася!
Экаўрбаністыка – дысцыпліна па вывучэнні ўзаемадзеяння гарадскога і прыроднага асяроддзя ў гарадах Спецыялісты па экаўрбаністыцы далі парады ўладам горада, як пазбягаць памылак у забудове новых раёнаў.
Зялёны офіс / экаофіс – арганізацыя працоўнага месца найбольш экалагічным чынам Сёння праграма “Зялёны офіс” – гэта не толькі эканомія паперы, вады, электраэнергіі, але і прэстыж ды добры імідж кампаніі.
Экаактывізм / экалагічныя за́хады (рус. меры, шаги), экаактывіст / -ка – агульная назва мерапрыемстваў, учынкаў, дзеянняў удзельнікаў экалагічных арганізацый; самі ўдзельнікі гэтых акцый Акцыі экаактывістаў прыцягваюць увагу грамадства да экалагічных праблем. Хадзіць пешшу, выязджаць як мага больш на прыроду, не спажываць сінтэтычныя вырабы, не ліць лішнюю ваду з кранаў, не паліць элекрычнасць без патрэбы – гэта тыя простыя экалагічныя захады, якія павінен узяць на ўзбраенне кожны цывілізаваны чалавек.
Фрымаркет / свабодны кірмаш (рус. бесплатная ярмарка) – безграшовы кірмаш, дзе можна абмяняцца рэчамі, што сталі непатрэбнымі Знайшоў на чарговым фрымаркеце шыкоўныя дзіцячыя казкі і цацкі — дзеці былі шчаслівыя!
Арганічныя прадукты / біяпрадукты, арганічная гаспадарка (рус. хозяйство) – натуральныя, экалагічна чыстыя і бяспечныя прадукты Вялікай папулярнасцю карыстаюцца арганічныя прадукты, якія вырабляюцца ў невялікіх фермерскіх гаспадарках.
Спажыве́ц (рус. потребитель), карыстальнік (рус. пользователь) Выхаванне свядомасці спажыўцоў – важная задача эколагаў.
Экамаркіроўка – знак на прадукцыі, які сведчыць пра яго экалагічнасць Мы прызвычайваемся шукаць у нашых крамах прадукты з экамаркіроўкай, хоць яны і даражэйшыя за немаркіраваныя.
Водна-зялёны дыяметр Менска – сістэма паркаў і бульвараў абапал Свіслачы, якая праходзіць шырокай “зялёнай стужкай” праз увесь Менск ад Драздоў да Шабаноў Сённяшнія ўрбаністы пагаджаюцца, што водна-зялёны дыяметр Менска — грандыёзная задума, якая была бліскуча рэалізаваная ў свой час.
“Зялёная сетка” – грамадскае таварыства, якое аб’ядноўвае людзей, неабыякавых да экалагічных праблем Таварыства “Зялёная сетка” праводзіць дзіцячыя экалагічныя майстар-класы з мэтай папулярызацыі экалагічнай адукацыі. Кожны можа далучыцца да акцыі “Зялёны дазор”, стаўшы сведкам экалагічных парушэнняў кшталту вынішчэння дрэваў, стварэння несанкцыянаваных звалак, мыцця машын на вадаёмах.

Матэрыялы падрыхтаваныя супольна з таварыствам “Зялёная сетка” (www.greenbelarus.info)

Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Вычрпальныя
Рсурсы
Радыцыйны
Бражлівы
Втрак
2. Выберыце правільны варыянт напісання:
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Окружающая среда –
Благоприятный –
Отходы –
Вторичное сырьё –
Потребитель –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Забруджванне –
Прадухіл́енне –
Шкодны –
Перапрацоўка –
Смецце –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Смецціць –
Прыродаахоўчы –
Экаурбаністыка –
Біараскладальныя –
Фры-маркет –
Граматыка

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф выкарыстоўваюцца ў беларускай пісьмовай мове для адлюстравання правільнага вымаўлення словаў з гукам j паміж зычнымі і галоснымі – так званага раздзельнага вымаўлення.

Раздзяляльны мяккі знакь – пішам пасля зычных л, с, ц, дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье.

Ва ўласных назвах, утвораных ад імёнаў на -ій (-ый) (Аркадзій, Генадзій) перад суфіксам -еў-/-ев- таксама пішам мяккі знак: Аркадзьеў, Аркадзьевіч, Аркадзьеўна, Генадзьевіч, Генадзьеўна. Аднак, калі імя па бацьку ўтворана ад традыцыйнай беларускай формы імені, напрыклад, Аркадзь, Генадзь, у такім выпадку будзем пісаць слова без мяккага знака: Аркадзевіч, Генадзеўна. Такія формы, канечне, больш беларускія і таму больш пажаданыя. А вось пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішам  і (ы): Дзмітрыевіч, Георгіеўна і нават Яўлампіевіч.

Для перадачы раздзельнага вымаўлення ўжываецца таксама апостраф, які, дарэчы, літарай не з’яўляецца. Упершыню значок апостафа выкарыстаў у сваёй “Беларускай граматыцы для школ” Браніслаў Тарашкевіч.

Цікава, што паміж сучасным рускім ъ і нашым апострафам нельга паставіць знак роўнасці, як гэта часта памылкова робяць. Па-першае, апостраф ставіцца не толькі пасля прыставак і першых частак слова, але і ў іншых пазіцыях у слове: сям’я, Лук’ян, куп’е. Па-другое, апостраф можа стаяць не толькі пасля цвёрдага зычнага гука, як у словах п’е, надвор’е. Паводле нормаў беларускага вымаўлення, ёсць выпадкі, калі зычны гук перад апострафам гучыць мякка. Гаворка ідзе пра гукі з і н, напрыклад, у словах з’езд, з’ява, кан’юнктура. Дарэчы, паводле дарэформавага правапісу (т. зв. тарашкевіца) у словах пасля прыстаўкі на з пішацца мяккі знак: зьезд, зьява, каньюнктура.

Такім чынам, апостраф пішам у наступных выпадках:

– пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’езд, з’езд, аб’ём, аб’ява, раз’юшаны, уз’яднаць, пад’ём, аб’інець;

– у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, а таксама д, т і зацвярдзелых перад  е, ё, і, ю, я: б’ю, п’ю, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Лук’ян, Мар’я;

– у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, чатырох’ядзерны, шмат’ёмісты;

– у запазычаных уласных назвах апостраф захоўваецца на тым самым месцы, што і ў мове-крыніцы: О’Генры, Кот-д’Івуар.

Звярніце ўвагу, што ніколі не пішам апостраф пасля ў нескладовага: здароўе, з любоўю, салаўі. А таксама ў складаных і складанаскарочаных словах паміж іх часткамі: тэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва.

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце мяккі знак або апостраф, калі трэба:
Інтервю
Салаўі
Дзямян
Канён
Узяднанне
2. Перакладзіце на беларускую мову:
Воробьи –
Иньекция –
Нью-Йорк –
Пьет –
Щавель –

3. Выберыце правільны варыянт:

4. Перакладзіце на беларускую мову:
Восьмью –
Софья –
Любовью –
Пиявка –
Бульон –
5. Выпраўце памылкі, калі трэба:
У’ю –
Разьюшыцца –
В’етнам –
Шампіньён –
Дас’е –
Цікавінкі
Што ты можаш зрабіць для захавання клімату?

  • Абірай тэхніку з нізкім узроўнем спажывання энергіі.
  • Набывай прадукты мясцовай вытворчасці.
  • Дзе магчыма, карыстайся роварам замест транспарту.
  • Сартуй смецце.
  • Зачыняй дзверы і вокны, калі працуе абагравальнік або кандыцыянер.
  • Адключай ад сеткі кампутар, калі сыходзіш.
  • Выкарыстоўвай лямпы, якія ашчаджаюць энергію.
  • Больш хадзі пехатою.
Што рабіць, калі…

…вы пабачылі, што нехта кідае смецце ці злівае адкіды ў вадаём?

  1. Папрасіце парушальніка спыніць незаконныя дзеянні.
  2. Паведаміце, што забруджванне паверхневых або падземных вод цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
  3. Калі чалавек не зважае на вашыя заўвагі, сфатаграфуйце або здыміце на відэа тое, што адбываецца.
  4. Занатуйце імёны і прозвішчы сведак, а таксама іх кантактныя тэлефоны.
  5. Для складання пратакола пра факт парушэння звярніцеся ў Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету або ў дзяржаўны санітарны нагляд ці Мінпрыроды.
…вы сталі сведкам жорсткага абыходжання з жывёламі?
  1. Вызначыце для сябе, што такое “жорсткае абыходжанне”.
  2. Паспрабуйце спыніць катаванне жывёлы – пераканайце чалавека спыніць жорсткае абыходжанне. Паведаміце, што за такія дзеянні прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.
  3. Калі жорсткае абыходжанне не спынена, сфатаграфуйце або запішыце на відэа тое, што адбываецца. Запішыце імёны і прозвішчы сведак, вазьміце ў іх кантакты.
  4. Калі жывёла загінула, атрымала калецтва, зазнала катаванні, звярніцеся да ўпаўнаважанай асобы мясцовага выканаўчага органа для складання пратакола. Пералік ўпаўнаважаных асобаў можна даведацца ў вашым выканкаме.
  5. З просьбай аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле “Хуліганства” можна звярнуцца ў мясцовае аддзяленне міліцыі ці пракуратуру з заявай па факце правапарушэння. У заяве выкладзіце вядомыя вам факты, пералічыце сведак і пазначце іх каардынаты, папрасіце правесці праверку і ўзбудзіць у дачыненні да вінаватага крымінальную справу па артыкуле “Хуліганства”.
  6. Забіраць дадому труп жывёлы нельга – такія дзеянні могуць разглядацца як парушэнне санітарных правіл. Труп можна перадаць у дзяржаўную ветэрынарную службу (дзяржаўную ветлякарню).
…у вашым двары сякуць дрэвы?
  1. Вызначыце, хто высякае / перасаджвае дрэвы і кусты. Спытайцеся ў гэтых людзей, якую арганізацыю яны прадстаўляюць. Звярніце ўвагу на іх спецадзенне, аўтамабіль. Участак правядзення работ павінен быць пазначаны па перыметры стужкамі. Мусіць быць змешчана інфармацыя пра тое, якая арганізацыя высякае / перасаджвае дрэвы і яе кантакты. Калі рабочыя адмовіліся назвацца і працуюць без спецадзення з апазнавальнымі знакамі, можна выклікаць міліцыю, паведаміўшы, што “невядомыя высякаюць дрэвы, адмаўляюцца назвацца, растлумачыць прычыну і назваць таго, хто аддаў загад высякаць”.
  2. Высветліце прычыну высякання / перасадкі дрэваў. Зрабіце вусны (патэлефануйце) або пісьмовы запыт у арганізацыю, якая праводзіць работы, або ў арганізацыю, якая абслугоўвае жыллёвы фонд, пра прычыну высякання / перасадкі. У рабочых на руках павінны быць дакументы на гэтыя работы (дазвол на высяканне або схема высякання аварыйных дрэваў), у якіх пазначаная прычына. Аднак простым грамадзянам гэтыя дакументы рабочыя прадастаўляць не абавязаныя, але абавязаныя іх даць упаўнаважаным службовым асобам – прадстаўнікам Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных уладаў, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мясцовых выканаўчых і распарадчых уладаў, мясцовых саветаў дэпутатаў. Іншымі словамі, каб хутка даведацца прычыну высякання / перасадкі зялёных насаджэнняў, тэрмінова тэлефануйце ўпаўнаважанай асобе, каб яна здолела ўсталяваць прычыну па дакументах, якія павінны быць у рабочых на руках, альбо ў арганізацыю, якая ажыццяўляе работы.
  3. Важна старанна сфатаграфаваць кожнае дрэва, якое сабраліся высякаць, да пачатку работ, каб можна было прыцягнуць магчымых парушальнікаў да адказнасці ў тым выпадку, калі выявіцца факт парушэння заканадаўства.
…вы заўважылі аўтамабіль, які стаіць на зялёнай зоне?

(Даведка: паводле правілаў дарожнага руху, забаронены прыпынак і стаянка транспартных сродкаў на газонах і іншых участках з зялёнымі пасадкамі)

  1. Калі вы заўважылі машыну, прыпаркаваную на зялёнай зоне, папярэдзьце кіроўцу, што за яго / яе дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
  2. Калі парушальнік не спыніў свае дзеянні, сфатаграфуйце або запішыце на відэа тое, што адбываецца.
  3. Патэлефануйце ў ДАІ, або напішыце асабістую заяву ў ДАІ раёна, або адпраўце фота (відэа) і кароткую апісальную інфармацыю пра месца, дзе стаіць машына, у тэлеграм-канал ДАІ “Паркун” (спатрэбіцца фота парушэння, на якім бачны нумар аўтамашыны і можна зразумець, у якім месцы яна стаіць; адрас парушэння, вашыя кантактныя звесткі).
…у двары своечасова не вывозяць смецце, у тым ліку асобна сабраныя адкіды?
  1. Вываз смецця ажыццяўляецца адказнымі за гэта арганізацыямі, з якімі арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду (ЖЭС, таварыства, кааператыў), заключае дамову на вываз смецця.
  2. Калі смецце не вывезенае своечасова, патэлефануйце ў вашу арганізацыю, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду (напрыклад, у ваш ЖЭС).
  3. Таксама можна патэлефанаваць у адказную за вываз смецця арганізацыю – яе тэлефон павінен быць пазначаны на кантэйнеры для збору смецця.
  4. Калі пасля звароту ў ЖЭС і / або адказную арганізацыю смецце не вывезенае, напішыце скаргу ў вышэйшую структуру.
…у двары няма кантэйнераў для асобнага збору смецця?
  1. Арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду (ЖЭС, таварыства, кааператыў), павінна звярнуцца да арганізацыі, з якой заключаная дамова на вываз камунальных адкідаў, з прапановай аб усталяванні кантэйнераў для іх асобнага збору.
  2. Калі арганізацыя, з якой заключаная дамова, не займаецца асобным зборам камунальных адкідаў, то трэба заключыць дамову з іншай арганізацыяй, якая збірае пластык, шкло і іншыя адкіды, і яна ўсталюе свае кантэйнеры для паасобнага збору камунальных адкідаў.
…вы выявілі несанкцыянаваную звалку?
  1. Паведаміце ў пісьмовай форме пра выяўленую несанкцыянаваную звалку ўласніку тэрыторыі (арганізацыі, у падпарадкаванні якой знаходзіцца дадзеная тэрыторыя) і / або ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
  2. Уласнік тэрыторыі і / або мясцовыя органы ўлады абавязаныя забяспечыць збор і вываз адкідаў.
…вас не задавальняе вышыня бардзюраў, адсутнасць з'ездаў з лесвіц?

Напішыце зварот з просьбай забяспечыць належную вышыню бардзюра (з указаннем месца яго знаходжання) у арганізацыю, якая забяспечвае безбар’ернае асяроддзе. Гэтым займаюцца арганізацыі, што ажыццяўляюць праектаванне, будаўніцтва і абслугоўванне дарожна-тратуарнай сеткі. У Менску гэта прадпрыемствы “Гардарбуд” і  “Рамаўтадар”. Удакладніць інфармацыю пра адпаведную арганізацыю ў вашым горадзе можна ў мясцовым выканкаме. У правілах пазначана, напрыклад, што “ў месцах скрыжавання пешаходных шляхоў з праезнай часткай перапад вышыняў, а таксама памяншэнне шырыні праезнай часткі не дапускаецца” – гэта азначае, што ў выпадку наяўнасці бардзюра на скрыжаванні тратуара і праезнай часткі вы маеце права патрабаваць, каб яго прыбралі.

Матэрыялы прадстаўленыя таварыствам “Зялёная сетка” (www.greenbelarus.info)