Крок 11
Тэма лексікі : Кампутар і інтэрнэт
Тэма граматыкі : Ілжэсябры перакладчыка
Лексіка

 

Слова Прыклад выкарыстання
Кампутар / камп’ютар Кожны кампутар складаецца з фізічных частак і праграмнага забеспячэння.
Праграмнае забеспячэ́нне (рус. обеспечение) Да праграмнага забеспячэння адносяцца такія аперацыйныя сістэмы, як Windows, Linux, а таксама праграмы.
Манітор Вадкакрышталічныя маніторы патаннелі настолькі, што сталі даступныя практычна кожнаму.
Мацярынская плата Мацярынская плата – аснова ўсяго кампутара, на якую мацуецца ўсё дадатковае абсталяванне.
Працэсар Сусветным лідарам па вытворчасці працэсараў з’яўляецца кампанія Intel.
Аператыўная памяць Кампутары з большай аператыўнай памяццю працуюць заўважна хутчэй.
Блок сілкавання (рус. питания) Падчас навальніцы адбыўся скачок напругі, і ў Ягора ў кампутары згарэў блок сілкавання.
CD-ROM / DVD-ROM / аптычны прывад Апошнія гады папулярнасць кампакт-дыскаў упала настолькі, што сучасныя ноўтбукі ўжо не камплектуюцца аптычным прывадам.
Цвёрды дыск / вінчэстар Для захоўвання вялікіх калекцый здымкаў і відэа людзі набываюць вінчэстары на 4, 6, а тое і на 8 тэрабайтаў.
Кампутарная мыш, бяздротавая (рус. беспроводная) мыш У дарозе зручна карыстацца бяздротавай мышшу, не баючыся заблытаць ці парваць дрот у торбе.
Дрот (рус. провод) Котка перагрызла Рыгору дрот ад калонак, і суседзі ўздыхнулі з палёгкаю.
Клавіятура Міхась адмыў клавіятуру – і ажно здзівіўся, што першапачаткова яна была белая!
Набіраць / друкаваць тэкст Рэдактар даў журналістцы ліст чытачкі з Бешанковічаў і папрасіў набраць яго на кампутары чым хутчэй.
Раздрукоўваць (рус. распечатывать) тэкст Света пачала раздрукоўваць тэкст перад заўтрашнім залікам – і картрыдж скончыўся роўна на палове старонак!
Відэакартка / графічная картка Дызайнеры і аматары гульняў мусяць выдаткоўваць немалыя грошы на відэакарткі, каб кампутар працаваў без тармазоў.
Карыста́льнік (рус. пользователь) Лізавета была прасунутаю карыстальніцаю кампутара і таму лёгка здабыла сабе працу сакратаркі.
Праграміст / айцішнік, кампутарнік / кампутаршчык Беларусь славіцца на ўвесь свет сваімі таленавітымі праграмістамі.
Інтэрнэт / се́ціва / сусветнае павуцінне Некаторыя людзі практычна жывуць у сеціве, пакуль сапраўднае жыццё прамінае бокам.
Пампаваць / сцягваць / скачваць інфармацыю Ваня не вельмі дбаў пра аўтарскія правы і задарма спампаваў сабе новы альбом Саладухі з інтэрнэту.
Сацыяльныя сеткі / сацсеткі Некаторыя псіхолагі лічаць, што сацыяльныя сеткі выклікаюць у многіх людзей сапраўдную кампутарную залежнасць.
Старонка / акаўнт у сацсетках Анэля доўга трымалася, але ў выніку здалася і завяла сабе старонку ў адной папулярнай сацсетцы.
Спасылка (рус. ссылка) / лінк Гіперспасылка – актыўная спасылка ў інтэрнэце, на якую можна націснуць і перайсці на іншы сайт ці ў іншае месца гэтага сайта.
Кампутарныя гульні / кампутаровыя гульні Арцём навучаўся ўжо на трэцім курсе БНТУ, але працягваў вечарамі зацята змагацца ў кампутаровыя гульні з сябрамі па сетцы.
Бяздротавы інтэрнэт / Wi-Fi З кожным годам кропак Wi-Fi ў Менску робіцца ўсё болей, і цяпер скарыстацца бяздротавым інтэрнэтам можна практычна паўсюль у цэнтры.
Вірус, антывірус Абараняць свой кампутар трэба пры дапамозе антывірусаў, іначай можна страціць усе дадзеныя.
Носьбіт (рус. носитель) інфармацыі Мытніца пільна паглядзела на Юрася і спыталася, якія носьбіты інфармацыі ён мае пры сабе.
База дадзеных (рус. данных) / база звестак Праграмісты з досведам раяць перыядычна капіяваць усю базу дадзеных на рэзервовыя носьбіты.
Слімак / малпа / вуха – @ Антось вельмі любіў дыктаваць свой адрас па тэлефоне: тлусты-слімак-гмэйл-ком (tlusty@gmail.cоm).
Дамен / назва (рус. название) сайта У 2015 годзе ў Беларусі запусцілі даменную зону .бел, і дамен стала магчыма набіраць кірыліцаю.
Электронная пошта, электронныя лісты (рус. письма), электронная скрыня (рус. ящик) Аліне не ставала часу адказваць на ўсе электронныя лісты, і яны назапашваліся ў яе скрыні дзясяткамі.
Пошук (рус. поиск), пошукавыя сістэмы Беларусы трывала займаюць першыя месцы на чэмпіянаце па хуткасным пошуку ў інтэрнэце – могуць за хвіліну нагугліць што хочаш!
Тэчка / папка / каталог Здымкі з вандроўкі Наста закінула ў тэчку “Разабраць пазней”, каб не забыцца вывесіць самае цікавае ў фэйсбуку.
Пашырэнне (рус. расширение) файла Многія злуюць, што пашырэнне .docx кепска стасуецца з папярэднімі версіямі Word і робіць у тэкстах сапраўдны гармідар.
Зме́сціва / кантэнт Змесціва флэшкі падалося Марце дзіўным, і паненка зразумела, што выпадкова ўхапіла ва ўніверсітэце чужы носьбіт інфармацыі.
Працоўны стол / стальніца На працоўным стале нельга захоўваць шмат інфармацыі, іначай перагружаецца аператыўная памяць кампутара і ён пачынае працаваць марудна.
Электронная прылада / гаджэт Кастусь не выходзіў на двор, не прыхапіўшы з сабой цэлы набор электронных прыладаў: ноўтбук, планшэт, смартфон ды плэер.
Прынтар / друкарка, сканер, ксеракс / капіявальны апарат У друкарцы ў Васіля нешта захрасла, і пасярэдзіне раздрукаванай старонкі з’яўлася непрыгожая рваная паласа.
Ца́ля (рус. дюйм) Дыяганаль манітораў вымяряецца ў цалях.
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Камп'ютр
Клавітура
Вінчэстр
Відэкартка
Мацрынская плата
2. Выберыце правільны варыянт напісання:
3. Перакладзіце на беларускую мову:
Дюйм –
Пользователь –
Беспроводной –
Носитель информации –
Собака (@)  –
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Змесціва –
Пашырэнне –
Друкарка –
Спампаваць –
Спасылка –
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Айтішнік –
Сацыальныя сеткі –
Акаунт –
Кампутар –
Гаджыт –
6. Знайдзіце на малюнку друкарку
Граматыка

Ілжэсябры перакладчыка

Ілжэсябры перакладчыка (іншыя назвы – міжмоўныя амонімы, міжмоўныя паронімы) – гэта два або радзей некалькі словаў з розных моваў, якія маюць аднолькавае або блізкае гучанне, але рознае значэнне. Такога роду словы можна знайсці ў любых роднасных і часам нават няроднасных мовах. Частка з іх утварылася шляхам выпадковага супадзення ў гучанні няроднасных словаў: укр. кішка (‘котка’) і бел. кішка; балг. булка (‘нявестка’) і бел. булка; англ. gift (‘падарунак’) і ням. Gift (‘атрута, яд’); англ. button (‘гузік, кнопка’) і бел. з фр. батон; англ. amber (‘бурштын’) і бел. амбар. Звярніце ўвагу, што балгарскае лайка – гэта не сабака, а рамонак, як і літоўскае blogas – гэта не блог, а благі, дрэнны. Іншая частка ілжэсяброў перакладчыка паходзіць ад старажытных каранёў, якія ў сучасных мовах разышліся ў сваім значэнні: рус. благой (‘добры’) і бел. благі (‘дрэнны’); англ. clay (‘гліна’) і бел. клей, іт. bagno (ванна) і бел. багна; сербск. слово (‘літара’) і бел. слова і г.д.

Сваю метафарычную назву як ілжэсябры перакладчыка гэтыя словы атрымалі таму, што часам могуць прыводзіць да няправільнага разумення і перакладу тэксту. Уявіце сабе сітуацыю, калі беларуска, спыніўшыся ў Варшаве перад шыльдай «Salon urody» (па-беларуску «Салон прыгажосці»), губляе ўпэўненасць, што ёй трэба менавіта сюды.

Існуе жарт пра тое, як беларускую фразу «У канюшыне сакаталі конікі» рускі перакладчык пераклаў наступным чынам: «В конюшне ржали кони». Гэта, безумоўна, перабольшанне, але для беларускай мовы пытанне няправільнага ўжывання словаў пад уплывам рускай мовы застаецца надзвычай актуальным.

Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Перакладзіце на рускую мову:
Свет –
Плот –
Карысны –
Качка –
Адказ –
2. Перакладзіце на беларускую мову:
Свет –
Плот–
Корыстный –
Качка –
Отказ –
3. Перакладзіце на рускую мову:
Дыван –
Маніць –
Пакой –
Прозвішча–
Благі –
4. Перакладзіце на беларускую мову:
Диван –
Манить –
Покой –
Прозвище –
Благой –
4. Адзначце правільны варыянт (правильныя варыянты):
Цікавінкі
Кампутар і інтэрнэт

  • Першыя прылады, якія нагадваюць сучасны кампутар, з’явіліся ў сярэдзіне ХХ стагоддзя (прыкладна ў 1940–1945), але машыны, падобныя на кампутары, існавалі і раней. Першыя электронныя кампутары мелі памер вялікіх памяшканняў, спажывалі электрычнай энергіі як некалькі соцень сучасных персанальных кампутараў.

  • Упершыню трактоўка слова кампутар з’явілася ў 1897 годзе ў Оксфардскім слоўніку англійскай мовы. Яго складальнікі тады разумелі кампутар як механічную вылічальную прыладу. У 1946 годзе слоўнік папоўніўся паняццямі лічбавага, аналагавага і электроннага кампутара.

  • “EPAM Systems” – найбуйнейшы вытворца праграмнага забеспячэння на замову ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій Беларусі.

  • Ноўтбук (англ.: notebook – нататнік), або лэптоп, – партатыўны персанальны кампутар, у корпусе якога аб’яднаны тыповыя кампаненты ПК, уключаючы дысплей, клавіятуру і прыладу ўказання (звычайна сэнсарная панэль, ці тачпад) і акумулятарныя батарэі. Ідэя стварэння ноўтбукаў узнікла ў 1968 годзе і была рэалізаваная ў 1979 для патрэбаў NASA.

  • Стывен Энтані Балмер – генеральны дырэктар карпарацыі Microsoft у 2000-2014 гадах, 19-ы ў спісе найбагацейшых людзей у свеце паводле версіі Forbes (на красавік 2020). Дзед Стыва Балмера па мацярынскай лініі Шлёма Дворкін, а таксама ягоны прадзед жылі і былі пахаваныя ў Пінску. Шлёма Дворкін працаваў у кравецкай майстэрні, што знаходзілася ў прадмесці Пінска – Малоткавічах, а дзядзька Стыва валодаў пякарняй у Пінску (дзейнічае дагэтуль). У 2007 годзе Балмер наведаў Пінск.