Крок 4
Тэма лексікі : Часткі цела і органы
Тэма граматыкі : Загадны лад
Лексіка

 

Слова Прыклад выкарыстання
Галава і твар / аблі́чча (рус. лицо) На ягоным твары ўзнікла ўсмешка – і мы пабачылі сапраўднае аблічча гэтага чалавека.
Брыво (мн. лік – бровы) Глядзі ты, ён і брывом не варухне!
Паве́ка, паве́кі (рус. веки) Дзяўчаты фарбуюць павекі ў самыя неверагодныя колеры.
Ве́йка, ве́йкі (рус. ресницы) У яе былі такія доўгія вейкі, што ад іх на шчокі клаўся сапраўдны цень.
Вуха (мн. лік – вушы) Калі Алесь хлусіў, у яго чырванелі вушы.
Шчака Сляза ціха спаўзла па ейнай шчацэ.
Скронь (рус. висок) Калі чалавек паваліцца і стукнецца аб нешта скронню, ён можа загінуць.
Ву́сы (звярніце ўвагу на націск!) На ягоных ву́сах засталася пена ад піва.
Рот Колькі не кажы “цукар” – у роце соладка не стане.
Скі́віцы (рус. челюсти) Славуты жудзік “Сківіцы” лепей не глядзець дзецям да 16 год.
Зуб Калі піць шмат колы – зубы зробяцца чорнымі і шчарбатымі.
Дзя́сны (адз. лік – дзясна́) Калі карыстацца занадта жорсткай шчоткай, можна пашкодзіць дзясны.
Язык Ягоны язык быў добра прыстасаваны да беларускай мовы.
Мозг / мазгі (г выбухное!) Пра чалавека, які апантана займаецца разумовай працай на шкоду свайму здароўю, часта кажуць “су́шыць мазгі”.
Лоб (родны скл. ілба́) Ад напругі на лбе ў Сержука выступіў пот.
Вока (мн. лік – вочы, мн. лік творны скл. – вачы́ма і вачамі) Людзі адно аднаму шмат што могуць сказаць не толькі словамі, але і вачыма.
Зрэ́нка (рус. зрачок) Ад святла зрэнка вока сціскаецца.
Раёк / вясёлкавая (радужная) абалонка – каляровая частка вока наўкола зрэнкі Калі кажуць пра колер вачэй чалавека, то маецца на ўвазе менавіта якога колеру раёк.
Паты́ліца (рус. затылок) Як ты ўсё гэта бачыш? У цябе што, вочы на патыліцы?!
Нос Часам чалавек шукае акуляры, а яны ў яго на носе.
Ву́сны / губы (адз. лік – губа) Васіль гэтак многа цалаваўся, што ўвесь час хадзіў з апухлымі вуснамі.
Шы́я Каўнер новай кашулі муляў шыю, таму даводзілася насіць яе без гальштука.
Ка́рак – задняя частка шыі “Колькі ўжо ты будзеш сядзець на маім карку?” – горка пыталася маці сына-пераростка.
Падбароддзе / барада У некаторых людзей на падбароддзі маецца выразная ямінка.
Цяглі́цы / мышцы Калі рэзка падняць вялікі груз, то можна парваць цягліцы.
Плячо (мн. лік творны скл. – плячы́ма і пляча́мі)1. Левае і правае плячо; 2. спі́на (калі кажам “плечы” толькі ў множным ліку) На плячах ён валок цяжэразны мех бульбы. Правае плячо Антося было прыкметна вышэйшае за левае — відаць, шмат насіў заплечнік на адной шлейцы.
Рука Падарожнік трымаў у руцэ паходню і спешна ўздымаўся па прыступках.
Прыдалонне / запясце На ягоным прыдалонні застаўся след ад гадзінніка.
Далонь: пясць – аснова далоні рукі, пяцярня́ – далонь з растапыранымі
пальцамі, кулак – са сціснутымі пальцамі
Кажуць, людзі, якія раз’юшылі Цмока, усё жыццё хадзілі потым з чырвонай пяцярнёй на шчацэ.
Пазногці (рус. ногти) / кі́пці, кіпцюры (пра доўгія або брудныя пазногці, гутарк) Па святах яна фарбавала пазногці ў белы і чырвоны колер. Кіпці на нагах ён абстрыгаў тады, калі пачынаў драпаць падлогу ў хаце.
Спі́на (звярніце ўвагу: націск на “і”, ва ўскосных склонах таксама!) Малыя дзеткі любяць, калі дарослыя катаюць іх на спіне.
Рабро / рабрына (мн. лік – рэбры) Ева была створана з рабрыны Адама.
Хрыбе́тнік / хрыбет / пазваночнік / пазваночны слуп У ваду трэба скакаць толькі на глыбокім месцы, іначай можна пашкодзіць хрыбетнік і застацца калекам.
Паясніца / сярэдзіна / крыж Нешта сярэдзіна баліць, перапрацавалася на лецішчы.
Гру́дзі / цыцкі (гутарк. назва жаночых грудзей) У яго забалела ў грудзях. Ягоныя грудзі былі ўвешаныя медалямі. Яна карміла дзіця цыцкаю.
Смочкі / саскі (рус. соски́) Ад узбуджэння ейныя смочкі зрабіліся цвёрдыя.
Жывот / бруха, чэ́рава (гутарк.) Чэрава, чэрава, чым ты павячэрала? (Генадзь Бураўкін)
Азадак / зад / задніца / дупа / срака (гутарк.) “Пацалуй мяне ў сраку!” – прамовіла суседка і паляпала сябе далонню па азадку.
Чэ́лес / пеніс (пераважна навуковая назва) / пісюн (“прыстойная” назва звычайна ў размове з дзецьмі) Мікітка, схавай пісюн, а то воўк адкусіць! Валянцін саромеўся заходзіць да хірурга-жанчыны ў ваенкамаце, бо трэба было здымаць майткі і паказваць чэлес.
По́хва / вагіна. У беларускай мове таксама ёсць слова “похвы” ў множным ліку са
значэннем “чахол для баявога мяча”
“Калі ласка, на крэсла, будзем глядзець похву”, — сказаў ёй гінеколаг.
Нага На ягонай назе засталіся глыбокія драпіны ад суседскага ката.
Лы́тка – акруглая частка нагі ад калена да ступні Сабака ўхітрыўся – і спрытна цапануў злодзея за лытку.
Сцягно (рус. бедро, мн. лік – сцёгны) Новая спадніца асабліва падкрэслівала хараство сцёгнаў Веранікі.
Клуб (верхняя частка сцягна, мн. лік – клубы) Цікава, ці вучаць недзе дзяўчат адмыслова віляць клубамі пры хадзе?..
Калена, каленная рэпка (рус. коленная чашечка) У музеі ў Юравічах захоўваецца каленная рэпка маманта.
Ступня́ / плюсна́ Ад доўгай хады ў многіх пілігрымаў утварыліся мазалі на ступнях.
Пята́ / пятка Па абедзе засталося таго супу кату на пяту (мала), на заўтра ўжо не хопіць…
Пальцы. На руках: вялікі (большы, старшы), указальны, сярэдні, безыменны (меншы, нямы́), ме́зены (ме́зенец, малы́). Найменшую дачку ў сям’і часта звалі “мезенкай”. Паводле Рыгора Барадуліна, назвы пальцаў на руцэ: пясту́к, ківу́н, даўга́й, пярсце́ц, мезенец; назвы пальцаў на назе: ступе́ль (вялікі) і чатыры пелюхі́ (адз. лік – пялю́х)
Калена, каленная рэпка (рус. коленная чашечка) У музеі ў Юравічах захоўваецца каленная рэпка маманта.
Унутраныя органы / вантробы: сэрца, пячонка, ныркі (рус. почки), лёгкія, каса́ / селязёнка, страўнік (рус. желудок) / трыбу́х (гутарк.), стрававод (рус. пищевод), кішкі, шчытападобная залоза (рус. щитовидная железа), падстраўнікавая залоза (рус. поджелудочная железа), мачаві́к / мачавы пухір / сікальная бурбалка і сіку́н (жартаўлівыя варыянты), шчыкалатка / костачка (у В. Ластоўскага – глізна́).
Тэст па лексіцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Устаўце патрэбную літару (літары):
Брво
Шя
Пяцрня
Слязёнка
Плчо
2. Выберыце правільны варыянт напісання:

 

 

3. Перакладзіце на беларускую мову:
Ресницы
Висок
Челюсти
Зрачок
Почки
4. Перакладзіце словы з беларускай мовы на рускую:
Павекі
Даланя
Патыліца
Хрыбетнік
Цягліцы
5. Выпраўце памылкі (калі ёсць):
Шчыка
Падбародзе
Сцегно
Стравнік
Рэбрына
6. Знайдзіце на малюнку вейкі
Граматыка

Загадны лад дзеяслова

Загадны лад дзеяслова служыць не толькі для выражэння загаду, але і для іншых формаў пабуджэння: просьбы, пажадання, закліку. Сістэма загаднага ладу ўключае пяць формаў: 2-ой асобы адзіночнага ліку, 2-ой асобы множнага ліку, 1-ай асобы множнага ліку, 3-яй асобы адзіночнага ліку, 3 асобы множнага ліку.

Формы 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу залежаць ад гістарычных класаў дзеясловаў і таму з пункту гледжання сучаснай мовы іх утварэнне не заўсёды можна апісаць правіламі.

  1. Утвараюцца пры дапамозе канчатка –і / -ы ад дзеясловаў, якія ў аснове цяперашняга часу не маюць j: грабу (грабці) – грабі, ляжу (ляжаць) – ляжы, а таксама ад дзеясловаў з інфінітывамі на –іць, якія ў аснове цяперашняга часу маюць j і ў аснове 1-ай асобы адзіночнага ліку маюць націскны канчатак: даю́ (даіць) – даі, паю́ (паіць) – паі , гаю́ (гаіць) – гаі. Запомніце: ліць – лі, піць – пі, біць – бі, віць – ві (але мыць – мый, шыць – шый).
  2. Формы 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу могуць утварацца і без канчатка.
  • Дзеясловы, аснова цяперашняга часу якіх заканчваецца на мяккі зычны, j, шыпячы і р, маюць форму загаднага ладу на гэты ж зычны: ладзяць – ладзь, цешаць – цеш, вудзяць – вудзь, плачуць – плач. Бываюць выпадкі, калі дзеясловы з асновай на цвёрды зычны ўтвараюць форму загаднага ладу на мяккі зычны: кінуць – кінь, будуць – будзь, сядуць – сядзь.
  • Дзеясловы баяцца, смяяцца, жаваць, злаваць, цкаваць, каваць і некаторыя іншыя ўтвараюць загадны лад на –й: баяцца – бойся, смяяцца – смейся, жаваць – жуй, цкаваць – цкуй, каваць – куй.

Запомніце: загадны лад ад дзеяслова есці – еш.

Формы 2-ой асобы множнага ліку загаднага ладу ўтвараюцца ад формаў загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага ліку пры дапамозе постфікса –це: ліце, мыйце, сядзьце, жуйце. Прычым у зваротных дзеясловах постфікс –це стаіць перад –ся: смейцеся, мыйцеся, цешцеся, біцеся.

Такім чынам, трэба адрознiваць канчаткi дзеясловаў 2-ой асобы множнага лiку абвеснага i загаднага ладу: бераце́, жывяце́, бежыце́ – абвесны лад;  бяры́це, жывíце, бяжы́це – загадны лад.

Формы 1-ай асобы множнага ліку загаднага ладу (формы сумеснага дзеяння):

  1. могуць утварацца пры дапамозе канчатка –эм / -ем, які далучаецца да асновы цяперашняга часу дзеясловаў, што ў 1-ай асобе маюць націск на канчатку: жыву́ – жывем, цягну́ – цягнем, валаку́ – валачэм, пяку́ – пячэм (з чаргаваннем г і к);
  2. могуць супадаць з формамі цяперашняга або будучага часу: скончым, заспяваем, бяжым, спім;
  3. могуць утварацца ад формаў загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага ліку на зычны або j пры дапамозе канчатка –ма: будзьма, чытайма, рэжма (доўгі час не лічыліся літаратурнымі, але цяпер вяртаюцца ў актыўны ўжытак); дарэчы, пры ўтварэнні формаў на -ма ад дзеясловаў біць, піць, ліць да асновы дадаецца й: бійма, пійма, лійма;
  4. могуць утвараць складаную форму шляхам спалучэння часцінкі давай (давайце) з інфінітывам (незакончанае трыванне): давай шыць, давайце працаваць; і з формай 1-ай асобы множнага ліку (закончанае трыванне): давай сходзім, давайце напішам;
  5. cкладаная форма таксама можа ўтварацца пры дапамозе спалучэння дзеяслова руху з інфінітывам: хадзем есці, бяжым гуляць.

Такім чынам, трэба адрознiваць канчаткi дзеясловаў 1-ай асобы множнага лiку абвеснага загаднага ладу: бяром, жывём, нясём – абвесны ладбярэ́м, жыве́м, нясе́м – загадны лад. 

Формы 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу ўтвараюцца пры дапамозе часцінкі няхай (хай) і дзеяслова 3-яй асобы адзіночнага ці множнага ліку незакончанага і закончанага трывання: няхай робіць, хай адпачывае, няхай ідуць, хай патэлефануюць.

Формы загаднага ладу не ўтвараюцца ад дзеясловаў:

  • магчы, хацець, балець;
  • каштаваць, важыць, значыць (немэтанакіраванае дзеянне або стан);
  • парыць, дажджыць, халадаць (безасабовыя дзеясловы).
Тэст па граматыцы

Увага! Запаўняйце тэсты выключна з беларускай раскладкі клавіятуры (за выключэннем рускіх словаў)! Вялікія і малыя літары значэння не маюць. Калі вы ведаеце некалькі правільных адказаў, напішыце толькі адзін з іх.
Пусты радок не залічваецца: калі слова, на вашую думку, напісана правільна, перапішыце яго ў поле для адказу

1. Пастаўце дзеясловы ў 2 асобе адз. і мн. ліку загаднага ладу:
Гнаю –
Ую –
Кваплюся –
Выберу –
Няньчу –
2. Запішыце формы 2 асобы мн. ліку абвеснага і загаднага ладу:
Несці –
Даць –
Ліць –
Стаяць –
Мыць –
3. Пастаўце дзеясловы ў 2 асобе адз. і мн. ліку загаднага ладу:
П’ю–
Бягу –
Вызначу –
Цешуся –
Клею –
4. Пастаўце дзеясловы ў форме 1 асобы мн. ліку абвеснага і загаднага ладу (простая форма):
Плесці –
Трэсці –
Прыбраць –
Плысці –
Перажыць –
Цікавінкі
Часткі цела

Рыгор Барадулін.

Засвой!

 

Пяць пальцаў на руцэ тваёй,

Як кожнага завуць,

Засвой.

Пястук –

Усіх братоў пастух,

Ён першы пачынае рух.

Ківун –

Ён грозна робіць кіў,

Каб кепскага ты не рабіў.

Даўгай –

За ўсіх даўжэй, таму

“Дапамагай!” – крычаць яму.

 

Пярсцец –

Ён порсткі правяраць,

Пярсцёнкі любіць прымяраць.

І мезенчык

Мяншун, які

Склікае пальцы ў кулакі.

 

Пяць пальцаў – моцная радня

І ўсіх трымае

Даланя.

 

2 сакавіка 1997 года

Прыказкі і прымаўкі пра часткі цела.

Такі пан, што ў саломе спіць, а зубамі блохі б’е.

За дурной галавой нагам неспакой.

Галава нагам зладзей.

Абы спіна – пуга знойдзецца.
Быў бы азадак, а лазы хопіць.

Быў бы лоб, а горб будзе.

Бачыць вока, ды вісіць далёка.

Адным вухам слухае, а другім выпускае.

Чужое дабро вылазіць праз рабро.

Шырокая лыжка рот дзярэ.

Кожная галава свой розум мае.

Не лезь, куды галава не лезе.

На чужое дабро вочы гараць.

Чужыя грахі перад вачыма, а свае за плячыма.

Вышэй за сваіх пят не падскочыш.

Звыш лобу вочы не ходзяць.

Языком у Вільні, а галавою – за печчу.

Лобам муру не праб’еш.

Што цела любіць, тое душу губіць.

Дарма хадзіць – ногі адбіць.

І ў цесце можна палец вывіхнуць.

Хадзіў бы ў злоце, каб не дзірка ў роце.

Малыя дзеці – рукі баляць, вялікія – сэрца баліць.

На вуснах – мёд, а на сэрцы – лёд.

Не наракай на люстэрка, калі нос крывы.

 

Косткі розных частак цела маманта з музея ў Юравічах (Калінкавіцкі раён)

(правільна будзе “каленная рэпка маманта)